Подзвіг народа бессмяротны
На такую тэму днямі праведзена навукова-тэарэтычная канферэнцыя. Яе ўдзельнікі заслухалі і абмеркавалі даклад загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі райкама КПБ Л. А. Лінова на тэму «30-годдзе Перамогі над фашызмам – выдатная палітычная падзея ў жыцці савецкага народа, усяго прагрэсіўнага чалавецтва».
На будаўнічай пляцоўцы
Браслаўскае БМУ меліярацыі пачало будаўніцтва пяціпавярховага дома на 60 кватэр з усімі зручнасцямі. Гэта першы такі дом у нашым горадзе. Узводзяць яго ПМК-34 і ПМК-67 Полацкага сельбуда. Сёлета трэба асвоіць 100 тысяч рублёў, за першыя два месяцы асвоена 15,5 тыс.
Для зручнасці сельскіх жыхароў
З мэтай паляпшэння бытавога абслугоўвання насельніцтва ва ўсіх калгасах і саўгасах раёна вырашана арганізаваць комплексныя прыёмныя пункты РКБА. У спецыяльным памяшканні прызначаны работнік кожны дзень па 2-3 гадзіны прымае рэчы ў рамонт або хімчыстку, выдаючы квітанцыі пэўнага ўзору. Ужо адкрыты 24 пункты ў Бяльмонтах, Мільках, Казянах, Мяжанах і інш.
Расце лік донараў
Абласная станцыя пералівання крыві зрабіла чарговы забор крыві ў Браславе. Усяго донарамі сталі 115 чалавек. Вельмі добра ўсвядомілі важнасць гэтай справы работнікі БМУ меліярацыі, камбіната бытавога абслугоўвання, аўтабазы № 18, прамкамбіната і другіх арганізацый і ўстаноў, дзе мясцовыя ўрачы правялі вялікую растлумачальную работу.
Аб’ява
З 25 сакавіка 1975 г. адкрываецца рэгулярны маршрут Віцебск – Браслаў праз Полацк, Глыбокае, Шаркаўшчыну. Адпраўленне з Віцебска – 19.00, прыбыццё ў Браслаў – 1.10. У Віцебск аўтобус выпраўляецца ў 4.00 і прыбывае туды ў 9.34. Маршрут абслугоўваецца камфартабельнымі аўтобусамі з мяккімі адкіднымі сядзеннямі. Кошт праезду ад Віцебска да Браслава – 5 руб. 30 кап.
А слупы ўсё ляжаць
Жыхар в. Каліты Мяжанскага сельсавета паскардзіўся, што манцёры пры бясплатнай устаноўцы радыёкропак абмінулі яго дом: прывезлі 3 слупы, прапанавалі заплаціць 20 руб., і работа спынілася. Такая сітуацыя склалася праз хутарскую сістэму населенага пункта. Лінія пралягае аж за 160 м ад хаты вяскоўца, і каштарысны кошт устаноўкі слупоў склаў 26 руб. ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.