На карце горада
На карце горада Пашыраюцца межы Браслава. У апошні час на яго карце з’явілася новая вуліца Фрунзе. Яна пралягла ў раёне гаргазу. Жыллёвае будаўніцтва тут будзе весціся ў асноўным сіламі індывідуальных забудоўшчыкаў.
Новая АТС
У Браславе пачала працаваць новая АТС на тысячу нумароў, якая абсталявана венгерскай аўтаматыкай. Таму будуць устаноўлены 300 дадатковых кватэрных тэлефонаў, зняты паралельныя. Паўсюдна ўводзіцца пяцізначная нумарацыя.
Афарбоўка па-друйску
Афарбоўка будынка, плота патрабуе і грашовых, і фізічных затрат. У Друі ж робіцца гэта дарма. Фарбавальнікі даступныя і простыя – каламутная вада, гразь, пыл, распыляльнікі – колы машын, а мастакі-афарміцелі – шафёры. Жыхары звярталіся ў выканкам пассавета, але нічога не мяняецца.
Вусны часопіс
Супрацоўнікі Друйскай пасялковай бібліятэкі правялі для рабочых 2-га вытворчага ўчастка мясцовага саўгаса вусны часопіс «Чытаючы Ленінскія пісьмы». Ён расказваў пра лісты працоўных і моладзі правадыру, а таксама пра пісьмы Леніна да маці – ярчэйшы ўзор чалавечнасці і дабрыні.
Берагчы сацыялістычную ўласнасць
Выяўлены недахопы па захаванні сацыялістычнай уласнасці ў Браслаўскім і Відзаўскім аб’яднаннях грамадскага харчавання, у Слабодкаўскім сельскім спажывецкім таварыстве. Сярод іх – выдача прадуктаў без дакументаў, недахоп вагі пры ўзважванні порцый, недастача грошай.
У самадзейнасць – сем’ямі
Пасля партыйнага сходу па актывізацыі мастацкай самадзейнасці ва Урбанскім ДК культурнае жыццё вёскі значна змянілася. Ужо маецца 20 артыстаў, многія наведваюць клуб сем’- ямі. Падрыхтавана канцэртная праграма, у планах – стварэнне вакальна-інструментальнага ансамбля.
Хутчэй рыхтаваць насенне бульбы
Да пачатку пасадкі бульбы засталося мала часу. Таму неабходна актывізаваць падрыхтоўку насеннага матэрыялу. Пакуль пераборка клубняў вядзецца вельмі марудна: па раёне нарыхтавана 456 тон насеннай бульбы, ці толькі 5 % да патрэбнага. Між тым справа не церпіць адкладу! ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.