І хобі, і праца

Главное

IMG_7598 (Small)У далёкім 1945-ым годзе адзін з далёкіх сваякоў Валянціны Казакевіч, калі сустракаў Вялікую Перамогу ў Германіі, зайшоў у дом да свяшчэнніка і захацеў узяць які-небудзь нямецкі рарытэт з сабой на радзіму на памяць. Сёння ні для каго не сакрэт, што такое нярэдка здаралася. Такім прадметам аказалася скрыпка.
Далейшая гісторыя гэтага музычнага інструмента была сумнай. Ён нікому не быў патрэбны, і амаль 45 гадоў правісеў на цвіку ў хляве. Вядома ж, за гэты час не толькі састарэў, але прыйшоў у нягоднасць. Але аднойчы пра скрыпку ўспомнілі. Яна знайшла новага гаспадара, якім стала Валянціна Казакевіч, улюбёная ў музыку і музычныя інструменты.
Валянціна Віктараўна на той час мела спецыяльнасць артыста аркестра і выкладала ў Друеўскім філіяле Браслаўскай школы мастацтваў па класе альта і скрыпкі.
І вось аднойчы В. Казакевіч прыйшла з гэтай гістарычнай скрыпкай пасля заняткаў з дзецьмі ў мясцовы касцёл. Тагачасны ксёндз, які адразу ж заўважыў інструмент, прапанаваў ёй іграць са сваімі выхаванцамі ў час службы ў храме, па магчымасці даваць канцэрты. І палілася ў касцёле музыка Баха, Бетховена, Шуберта…
Мясцовым вернікам прыйшлося даспадобы такое новаўвядзенне. Пасля кожнай службы яны дзякавалі Валянціне Віктараўне і называлі выратавальніцай іх душ.
Нярэдка В. Казакевіч сама іграе на аргане, а яе выхаванцы – на скрыпках. І сёння яна ўпэўнена, што той чалавек, які забраў у нямецкага свяшчэнніка скрыпку, а дзякуючы шчасліваму выпадку, сам таго не ведаючы, паўплываў на яе жыццё, бо прывёў у храм.
Валянціна Казакевіч у 1981 годзе закончыла музычнае вучылішча ў Палтаве. Давялося ёй працаваць і ў Латвіі. Аднак пасля прыезду на радзіму мужа, у Друю, яна прыйшла ў музычную школу. Знайшла там паразуменне з дырэктарам Друйскай СШ Васілём Мятлой, які быў заклапочаны, каб мясцовыя дзеці мелі магчымасць далучацца да свету музыкі.
У памяшканні школы для юных музыкаў выдзелілі асобныя кабінеты, інструменты. І не дзіўна, што сёння толькі ў самой Валянціны Віктараўны вучацца ігры на скрыпцы па 12, а то і больш хлопчыкаў і дзяўчынак. Магчыма, многія з іх і не стануць прафесійнымі музыкантамі, аднак далучацца да чароўнага свету прыгожага.
Пры філіяле створаны свой музычны аркестр скрыпачоў, склад якога за 25 гадоў працы Валянціны Віктараўны мяняўся 5 разоў. Калектыў неаднаразова ўдзельнічаў у розных конкурсах, фестывалях, святах, мае шмат узнагарод і дыпломаў.
Што яшчэ здзівіла мяне асабіста ў падыходзе педагога да сваіх выхаванцаў, дык гэта тое, што ў ходзе заняткаў, рэпетыцый Валянціна Казакевіч дае амаль што поўную ім волю.
Палюбіліся друянам літаратурна – музычныя вечары, якія арганізуе В. Казакевіч разам са сваімі выхаванцамі па восені. Запрашаюць у госці браслаўскіх паэтаў, а скрыпачы радуюць прысутных сваёй музыкай.
Такія мерапрыемствы разлічаны ў асноўным на дарослых, якія ўмеюць ацаніць і лірыку, і музыку. Збіраецца на сустрэчы каля 20 у асноўным слухачоў.
Словам, калі хочаш быць запатрабаваным у прафесіі, то можаш ім быць і ў невялікім пасёлку. Галоўнае, любіць і быць адданым той справе, якую выбраў.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.