Бяспека дзяцей у сетцы інтэрнэт

Главное

IMG_6549 (Small)Сетка інтэрнэт трывала заняла свае пазіцыі ў жыцці многіх людзей. Па статыстычных даных, у сучасным свеце ёй карыстаюцца 90 % дзяцей і падлеткаў. Найбольш актыўнай узроставай групай карыстальнікаў з’яўляюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Але ці так гэта карысна, як здаецца на першы погляд?
Адказ на гэтае пытанне шукалі педагогі і бацькі падчас тэматычнага форума, які праходзіў у гімназіі пры падтрымцы кампаніі камп’ютарнай і офіснай тэхнікі «цібіс».
Напачатку размовы арганізатар і вядучая мерапрыемства метадыст навукова-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Кацярына Сайкоўская пазнаёміла прысутных з вынікамі сацыяльнага апытання па тэме «Бяспека дзяцей у сетцы інтэрнэт». А затым прапанавала камандзе бацькоў і педагогаў таксама вызначыць плюсы і мінусы сусветнай павуціны. Аказалася, што шкоды ад яе значна больш.
Безумоўна, ніхто не адымае станоўчы бок інтэрнэта. З яго дапамогай адбываюцца пошукі і абмен патрэбнай інфармацыяй, падтрымліваюцца зносіны з сябрамі, можна заказаць любы тавар з дастаўкай на дом, да таго ж інтэрнэт — гэта вялікая імперыя цікавых і забаўляльных гульняў.
Але ж трэба памятаць і пра яго негатыўны ўплыў, асабліва на дзіцячае здароўе і псіхіку.
З кожным годам павялічваецца колькасць небяспечных сайтаў. І як паказвае даследаванне, засяродзіла ўвагу К. Сайкоўская, нашы дзеці маюць вельмі беднае і абывацельскае ўяўленне пра небяспекі, якія чакаюць іх у інтэрнэце: лёгка ідуць на кантакт з незнаёмымі людзьмі, даюць асабістыя звесткі, выкладваюць свае фота. Многія з іх сутыкаюцца ў сетцы з непажаданымі, негатыўнымі кантэнгентамі і ў большасці выпадкаў не ведаюць, што ў гэтай сітуацыі рабіць, як паводзіць сябе. Часцей за ўсё ў прасторах глабальнай сеткі яны пакінуты сам-насам. А каб не здарылася якая бяда, дзяцей трэба вучыць бяспечным паводзінам у сетцы інтэрнэт.
Несумненна, абмежаваць дзіця ад усёй небяспекі немагчыма, але максімальна знізіць рызыку можна. Для гэтага існуе шэраг камп’ютарных праграм, напрыклад, «Бацькоўскі кантроль» ці «Дадатковая бяспечнасць», паслуга «Сям’я пад наглядам», таксама трэба рэгулярна абнаўляць антывірус.
Галоўнае, бацькі заўсёды павінны ведаць, чым займаецца і з кім мае зносіны дзіця ў інтэрнэце.
Пасля тэарэтычнай часткі каманды аформілі для школьнікаў калаж-памятку «Што цябе чакае ў сетцы інтэрнэт. Правілы тваёй бяспекі».
Застаецца толькі данесці іх да дзяцей, бо, набываючы для іх новыя гаджэты, бацькі павінны памятаць: мы адказваем за тых, каго…падключылі.

Алена Пятушка. Фота аўтара.