Аматары більярда сабраліся ў перадапошні дзень зімы на турбазе “Браслаўскія азёры”, каб выявіць мацнейшага іграка і цікава правесці час за любімым заняткам.
Трэба сказаць, што раённыя турніры па більярдзе і раней праводзіліся на Браслаўшчыне, аднак у апошнія гады актыўнасці ў гэтым накірунку не назіралася. І вось сёлета па ініцыятыве райкама БРСМ былі арганізаваны адкрытыя спаборніцтвы па гэтым прыгожым, можна сказаць, нават арыстакратычным відзе спорту “Браслаўскі шар 2015”. І ў чарговы раз высветлілася, што прыхільнікі ў яго на Браслаўшчыне ёсць, і яны з задавальненнем збяруцца разам, каб пагуляюць адзін з адным.
Усяго на турнір заявіліся 15 удзельнікаў. Яны прадстаўлялі філіял “Браслаўрыба”, “Браслаў-камунальнік”, райпа, Беларусбанк, ДЭУ-34, райгаз і нацыянальны парк. Арганізатары падрыхтавалі для спартсменаў некалькі конкурсаў, падчас якіх апошнім давялося праявіць не толькі свой спрыт у валоданні кіем, аднак і веды наконт гісторыі і правілаў гульні. Самыя ж моцныя ў выніку сышліся ў напружанай барацьбе за колькасць загнаных у лузу шароў.
У выніку перамог, як кажуць, мацнейшы. Лепшым більярдзістам турніра стаў Генадзь Высоцкі, апрацоўшчык рыбы з “Браслаўрыбы”. Другое месца заняў начальнік ДЭУ-34 Уладзімір Аніськоў, а замкнуў тройку лідараў Валерый Руткоўскі — тэхнік-дыспетчар з той жа арганізацыі.
Пераможцы былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі. Памятныя падарункі таксама атрымальнікі ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў.
Вячаслаў Каладынскі.