Магчыма, і не ўсе ведаюць, што ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе кожны панядзелак і сераду функцыянуе гурток па класічнай аэробіцы, які ўжо трэці год пры ФСК “Дрывяціч” вядзе прафесійны інструктар Аксана Мацук. Менавіта дзякуючы яе намаганням шмат браслаўчанак прайшлі праз сапраўдную школу здаровага ладу жыцця і прыгажосці, далучыліся да спорту. А на мінулых выхадных гараджане паназіралі за тым, якіх вяршынь дасягнулі ўдзельніцы гуртка, і нават паўдзельнічалі ў галасаванні за самую пластычную і артыстычную жанчыну — “Лэдзі фітнес”.
Такі фітнес-марафон, у якім бы маглі прыняць удзел усе жадаючыя, у нашым горадзе прайшоў упершыню. Ідэя яго арганізацыі прыйшла супрацоўнікам “Дрывяціча”, а Аксана з радасцю яе падхапіла, бо аднойчы пабывала на падобным мерапрыемстве ў Санкт-Пецярбургу, дзе з’явілася жаданне правесці нешта такое ж у нас. З таго часу ў жанчыны накапіўся вялізны вопыт у гэтай сферы, яна ўдзельнічала ў разнастайных семінарах, курсах Наталлі Наважылавай, павышала кваліфікацыю ў “Міры фітнесу”, займалася і самаадукацыяй. Як прызналася Аксана, для яе “інструктарства” – гэта ўжо даўно лад жыцця, а не прафесія. Словам, тыя дванаццаць канкурсантак, якія пад музычнае суправаджэнне выконвалі комплекс фізічных практыкаванняў, цалкам давяралі свайму кіраўніку.
Напачатку конкурсу начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч павіншаваў усіх жанчын са святам вясны і пажадаў удзельніцам перамогі.
Спартсменкі пачалі фітнес-сэт. І каманда журы ацэньвала кожную з іх па 5-бальнай шкале паводле пэўных крытэрыяў. Так, вельмі істотнымі лічыліся тэхніка выканання рухаў, пластычнасць і каардынацыя. Амаль паўсотні гледачоў маглі таксама выбраць сваю прэтэндэнтку, і паўдзельнічаць у галасаванні.
І нездарма публіка выбрала самую маленькую ўдзельніцу – Паліну Чэкан (прыз глядацкіх сімпатый), бо дзяўчынка старалася нароўні з дарослымі. Самай пазітыўнай журы прызнала Алену Шпак, а самай грацыёзнай – Алену Багдановіч.
Што датычыцца галоўнай тройкі пераможцаў, то тут суддзям давялося “папацець”, бо кожная з удзельніц вылучалася прыгажосцю і энергічнасцю. І ўсё ж трэцяе месца прысудзілі Алене Лявонавай, другое – Вікторыі Сцяпанавай, а тытул “Лэдзі фітнес” атрымала Таццяна Клакоўская.
За перамогу ў конкурсе жанчыны атрымалі прыгожыя статуэткі і прызы ад спонсараў — бясплатную фотасесію ад мясцовай фотастудыі “Black and White”, наборы касметыкі ад магазіна “Бьюцікэа”, і сертыфікаты пра ўдзел у конкурсе.
Пасля такога маштабнага конкурсу ад прысутных жанчын давялося пачуць багата станоўчых водгукаў. Гучала і жаданне самім паспрабаваць сябе ў ролі вучня. Таму ўсім, хто хоча прыйсці на гурток па аэробіцы, раім звяртацца да Аксаны Мацук па тэлефоне 8 (029) 516 51 48.
Арганізатары ўдзячны за дапамогу ў правядзенні фізкультурна-спартыўнага свята Сяргею Садоўскаму, Міхаілу Яроцкаму, Вячаславу Дзямітку, Паўлу Шукялю, Валерыю Трашчынскаму і ЮрыюЖэрко.
Галляш Сялява.
Фота аўтара.