Першы крок маладзёжнай палаты

Главное

IMG_1378 (Small)Раней наша газета паведамляла пра стварэнне маладзёжнай палаты Браслаўскага раёна. Новы грамадскі орган павінны быў сфарміравацца з прадстаўнікоў навучальнай моладзі шляхам выбараў. Па іх выніках з 59 актывістаў абралі 30 чалавек. На мінулым тыдні ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму юныя палітыкі сустрэліся на сваім першым пасяджэнні.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская павіншавала моладзь з абраннем іх у маладзёжную палату і пажадала плённай працы, уручыла пасведчанні.
Старшыня раённай арганізацыйнай камісіі па падрыхтоўцы стварэння маладзёжнай палаты Людміла Цяцера прапанавала выбраць яе кіраўніка. Усе падтрымалі кандыдатуру вучня СШ №1 Аляксея Дзіковіча, які вядзе актыўны лад жыцця і ўдзельнічае ва ўсіх грамадскіх акцыях. На пасаду яго намесніка абралі Андрэя Рынкевіча з гімназіі, а сакратаром палаты стала Эліза Грыб.
Таксама на пасяджэнні былі зацверджаны рэгламент работы маладзёжнай палаты і пастаянныя камісіі, а напрыканцы — план работы на бягучы год.
Намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка падзякавала ўсім удзельнікам за актыўнасць, пажадала паспяхова рэалізаваць запланаванае і адзначыла, што арганізацыйнае пасяджэнне – гэта першы крок да сур’ёзных спраў на карысць нашаму грамадству.

Галляш Сялява.
Фота аўтара.