Пагроза АЧС не знікла

Спрашивайте-отвечаем

Ад імя жыхароў вёсак Адымянішкі і Бялусішкі ў рэдакцыю патэлефанавала наша чытачка, якая прасіла патлумачыць, чаму ў раёне ігнаруецца пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1057, якой у межах комплексаў па вырошчванні свіней устанаўлівалася двухкіламетровая буферная зона. Таксама яна папрасіла апублікаваць спіс вёсак, у якіх забараняецца трымаць свіней.
На пытанні адказвае галоўны ветэрынарны ўрач раёна Наталля Лоўшанка.
З надыходам цёплага надвор’я наступаюць спрыяльныя ўмовы для распаўсюджвання вірусаў і ўзнікае пагроза небяспечных інфекцыйных захворванняў жывёлы, у тым ліку афрыканскай чумой свіней.
Таму хачу яшчэ раз напомніць гаспадарам падвор’яў, каб яны строга захоўвалі ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання свіней:
— карміць свіней можна толькі грануляваным камбікормам ці канцэнтратамі, тэрмічна апрацаванымі, не даваць жывёле харчовыя адыходы;
— забяспечыць бязвыгульнае ўтрыманне;
— для догляду жывёлы выкарыстоўваць толькі асобную вопратку;
— на ўваходзе ў памяшканне ўстанавіць дэзкоўрык з дэзінфіцыруючым растворам;
— пастаянна весці барацьбу з грызунамі.
Памяткі для насельніцтва размешчаны ў найбольш наведваемых ім месцах. Просьба выконваць патрабаванні адказна калі ў ходзе маніторангавых праверак будуць выяўлены парушэнні ветэрынарных правілаў утрымання, забою і перамяшчэння жывёлы, то вінаватыя па дзеючым заканадаўстве прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, а пры абставінах, якія пасадзейнічалі ўзнікненню і распаўсюджванню захворвання — і да крымінальнай.
Многія не зусім дакладна зразумелі пастанову Савета Міністраў пра змяненне буфернай зоны з 5 да 2 км. Звузіць яе далі права райвыканкамам. Наш выканаўчы орган пакінуў у сіле забарону на ўтрыманне свіней у 5-цікіламетровай зоне, а таксама работнікам свінакомплексу.
А ў пералік вёсак, якія ўваходзяць у 5-цікіламетровую буферную зону вакол свінакомплексу СВК «Маяк Браслаўскі» трапілі Адымянішкі, Бялусішкі, Баравікі, Дукелі, Ёдлавічы, Жвірыні, Залессе, Запруддзе, Злота, Кямянцы, Каленкішкі, Крукоўшчына, Лазыркі, Марцэбаліна, Мядынкі Дамашоўскія, Мядынкі Ёдлавіцкія, Новая, Пагошча, Пузавічы, Рымуці, Шалтэні.