У зладжаным рытме

Главное
дэу2
Токар Валеры Блін — адзін з лепшых работнікаў ДЭУ-34

У фае адміністрацыйнага будынка Браслаўскага філіяла ДЭУ-34 Віцебскаўтадара размешчаны дзясяткі ўзнагарод ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню за перамогу ў розных спаборніцтвах, аглядах-конкурсах, на спартыўных пляцоўках. Сёлета ў гэтую важкую скарбонку па выніках работы за мінулы год дабавіліся яшчэ тры – “За перамогу ў аглядзе-конкурсе на званне лепшае дарожна-эксплуатацыйнае РУП “Віцебскаўтадар”, “За перамогу ў раённым спаборніцтве сярод арганізацый у галіне будаўніцтва, камунальнай і дарожнай гаспадаркі” і за першае месца ў раённым спаборніцтве па ахове працы.
Мінулы год для калектыву арганізацыі, як і для многіх іншых, быў нялёгкім. Да таго ж, як патлумачыў начальнік Уладзімір Аніськоў, на агульныя задачы, якія стаяць перад дарожнікамі, свой адбітак накладвае і той факт, што раён наш прыгранічны, і менавіта стан дарог, чысціня прыдарожных палос дае ўяўленне іншаземцам пра нашу краіну. Калектыў разумее гэта і стараецца выконваць сваю работу якасна.
ДЭУ-34 адказвае за дарогі рэспубліканскага значэння працягласцю 228 кіламетраў. Улічваючы, што ні на адным з іх з 2007 года не рабіўся капітальны рамон, стаўка робіцца на якасць ямкавага, заліўкі трэшчын у асфальце. Для гэтага ва ўпраўленні ёсць сучасная неабходная тэхніка. У мінулым годзе адрамантавалі 18 тысяч квадратных метраў дарожнага палатна. Выканана работ больш чым на 21 млрд рублёў. Дарожнікі не толькі справіліся з даведзеным заданнем, а і перавыканалі яго на 32 мільёны.
Трэба зазначыць, што работнікі ДЭУ не толькі рамантавалі замацаваныя за імі дарогі, а шукалі сабе і іншыя справы. Напрыклад, займаліся гарызантальнай разметкай дарог практычна па ўсёй паўночна-заходняй Віцебшчыне, рамантавалі тэрыторыю мытні, АЗС. Гэта таксама добрая магчымасць зарабіць дадатковыя грошы.
Каля 100 млн рублёў зарабілі і на аказанні платных паслуг насельніцтву.
Па выніках работы за 2014 год ДЭУ-34 мела 1116 млн руб. прыбытку ад рэалізацыі і 223 млн чыстага.
Належна клапоцяцца дарожнікі пра добраўпарадкаванне сваёй тэрыторыі, якая сёння можа смела служыць узорам чысціні і прыгажосці. Дарожнікі стварылі райскі куточак не толькі за высокім плотам, якім абнесена вытворчая тэрыторыя, а і на некалькіх прылягаючых да яе гектарах. На балоце выкапалі сажалку і каналы, такім чынам падсушылі яго, перакінулі дэкаратыўныя масткі, стварылі газон. Цяпер былая няўдобіца стала любімай зонай адпачынку браслаўчан, што жывуць паблізу. Паклапаціліся дарожнікі і пра зарыбленне штучных вадаёмчыкаў.
Высокай ацэнкі заслугоўваюць адносіны да ўмоў працы, яе аховы. Летась толькі на гэтыя мэты затрацілі 247 млн рублёў.
А яшчэ ДЭУ-34 – вельмі спартыўны калектыў. Такія агульныя інтарэсы яшчэ больш згуртоўваюць людзей у адно цэлае, дадаюць бадзёрасці духу, нацэльваюць на плённую працу. І яна сапраўды заслужана ацэнена.

Зінаіда Палулех.