Падарожжа ў казку

Главное

CIMG0065 (Medium)Па добрай традыцыі вясна і ў гэтым годзе прынесла ў Друеўскую бібліятэку яркае, шумнае, вясёлае, шматлюднае і радаснае свята — адкрыццё тыдня дзіцячай кнігі. Так, 25 сакавіка ў нашай установе для дзяцей прайшло казачнае асарці «Кузька свой куфар адкрыў — новай кніжкай здзівіў».
Яшчэ да пачатку мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі падзівіцца на афармленне казачных дэкарацый. А маленькія чытачы прадэманстравалі свае літаратурныя густы з дапамогай выставы «Там цуды, там кніжак шмат», кнігі на якую былі адабраны менавіта імі самімі.
Адкрываючы свята,  бібліятэкары павіншавалі дзяцей з пачаткам канікулаў і стартам тыдня дзіцячай кнігі. Затым малыя адправіліся ў незвычайнае падарожжа ў лес да дамавёнка Кузі і Бабы Ягі. Аднак не так проста было патрапіць у казачнае царства. Каб атрымаць туды “ўваходны білет” хлопчыкі і дзяўчынкі дружна адгадвалі загадкі, даказваючы сваю любоў да кніг.
Як і ў любой казцы, мудрагелістыя перашкоды  падарожнікам чыніла злая Баба Яга, якая схавала  Кузю ў сваім царстве. Але Гном, Фея-Кнігачэя, і Лешы, дзякуючы трывалым ведам, таленту і спрыту, справіліся з усімі заданнямі і ў выніку знайшлі дамавёнка. Дарэчы,  з сабой у яго быў чароўны куфэрак з казкамі, якія дзеці яшчэ не чыталі. Кузька ж з задавальненнем пазнаёміў малых з літаратурнымі навінкамі. Пазней дзеці размалёўвалі казачных герояў, за што і атрымалі невялічкія падарункі.
Трэба сказаць, што атмасфера цеплыні і добрага настрою ў прысутных панавала на працягу ўсяго свята. Бібліятэчная прастора цалкам прыналежала дзіцячай аўдыторыі нашых чытачоў. Гэта быў дзень казачных герояў, здольных зараджаць сваёй энергіяй, пазітыўнасцю і весялосцю ўсіх навакол. І ніводны чытач не выйшаў з бібліятэкі ў дрэнным настроі, а яркія ўражанні, хочацца спадзявацца, яшчэ доўга будуць жыць ва ўспамінах нашых дарагіх дзяцей.

Ганна Маслякова,
бібліятэкар Друеўскай бібліятэкі.