У жыцці людзей вялізную ролю адыгрывае творчасць, надае сэнс нашаму існаванню, робіць яго больш цікавым і насычаным. Гэта выдатна разумеюць у цэнтры дзяцей і моладзі, дзе ў апошні дзень сакавіка адбылася “Гасцёўня музыканта і мастака”. Арганізавала і правяла мерапрыемства дырэктар цэнтра Ірына Угарэнка, якая запрасіла на сустрэчу ініцыятыўных і таленавітых вучняў з Відзаўскай, Дрысвяцкай, Урбанскай сярэдніх школ, Чэрнеўскай базавай, першай гарадской і Браслаўскай гімназіі.
У вельмі душэўнай, сяброўскай атмасферы атрымалася нязмушаная і шчырая гутарка пра творчасць. Да яе далучыліся кіраўнік аркестра народных інструментаў Уладзімір Сакалоўскі са сваімі выхаванцамі і педагог прыкладной творчасці Людміла Пучкоўская, якая працуе ў стылі хэнд-мэйд. Яны расказалі прысутным пра свой шлях у прафесію, яе асаблівасці. Прыгожая мелодыя ў выкананні Уладзіміра Сакалоўскага, здавалася, лілася з душы музыканта і засведчыла высокі ўзровень майстэрства. А выступленне яго выхаванцаў Міхаіла Храпана і Уладзіслава Наваміра пацвердзіла, што сапраўдны майстар — гэта той, хто не толькі сам умее, але і можа навучыць іншых.
Не пакінулі прысутных абыякавымі і работы Людмілы Пучкоўскай, ад якіх проста захоплівала дух. Сурвэткі, папера, шышкі, кавалкі скуры, стары посуд, стужкі, мешкавіна — самыя звычайныя, на першы погляд, матэрыялы — у руках майстра ператварыліся ў непаўторныя, унікальныя рэчы, у якія ўкладзена часцінка душы. Асабліва спадабаліся гледачам маленькія і вялікія тапіярыі — дрэўцы, якія сімвалізуюць шчасце, здароўе, каханне і цудоўна ўпрыгожваюць інтэр’ер, і аб’ёмныя карціны з разнастайных матэрыялаў. Уменні, атрыманыя выхаванцамі Людмілы Пучкоўскай, ніколі не стануць лішнімі, бо падарунак, зроблены з любоўю сваімі рукамі, заўсёды прынясе больш радасці, чым куплены. Ды і дызайнерскія вырабы зараз запатрабаваныя і могуць прынесці пэўны даход.
У рамках гасцёўні былі таксама падведзены вынікі аднаго з самых яркіх і незвычайных мерапрыемстваў Тыдня кнігі і музыкі — эстафеты “Віртуальная прастора — новая форма распаўсюджвання класікі”. Як патлумачыла метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Гірон, яна ўключала стварэнне відэаролікаў з нестандартным падыходам да прапаганды беларускіх і рускіх класічных твораў: чытальнікі дэкламавалі ўрыўкі перад віртуальнай аўдыторыяй і па заканчэнні кідалі выклік наступнаму ўдзельніку. Напрыклад, вучні Урбанскай СШ знялі жартоўны відэаролік пра карысць кніг, у першай гарадской школе чыталі вершы паэта-юбіляра Рыгора Барадуліна пра Вялікую Айчынную вайну, а гімназісты стварылі кампазіцыю “Утомленное солнце”.
Да эстафеты далучыліся вучні 11 школ раёна. За творчы падыход да прапаганды твораў беларускіх і рускіх класікаў яны былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, якія ўручыла Алена Гірон.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе прысутныя ўтварылі “жывы ланцужок” і пажадалі адзін аднаму творчых поспехаў, новых перамог, натхнення, настойлівасці, добрых сяброў і цікавых сустрэч. Дарэчы, новая сустрэча ўжо запланавана — на гэты раз паэтычная. Дзверы ЦДіМ заўсёды адчынены для гасцей!
Жанна Бялько.
Фота аўтара.