Школа — гэта маленькая краіна са сваімі законамі і правіламі, усмешкамі дзяцей і ласкавымі поглядамі настаўнікаў, буднымі днямі і вясёлымі святамі, жыццё ў якой віруе круглы год. Нядаўна такая маленькая краіна, Кансталінская школа, у коле сяброў, былых вучняў, ветэранаў педагагічнай працы і ганаровых гасцей адзначыла свой юбілей.
Вось ужо 80 гадоў хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць сюды за ведамі, а настаўнікі дапамагаюць здзяйсняць надзеі і мары выхаванцаў. Кансталінская школа пачала дзейнічаць у далёкім 1935 годзе.
Многае змянілася ў жыцці, знешнім абліччы ўстановы з часоў яе заснавання, але нязменным засталося адно: дарыць дзецям веды. Сёння Кансталінская школа — гэта 62 цікаўныя і няўрымслівыя вучні, 15 вопытных і актыўных педагогаў, у іх ліку і былыя выпускнікі гэтай установы. Разам яны імкнуцца да высокіх вяршынь, перамагаюць у конкурсах, займаюцца навуковай работай.
Паглядзець, чым жыве школа сёння і ўрачыста адсвяткаваць юбілей, на мінулым тыдні запрасілі былых вучняў, настаўнікаў і проста сяброў.
Ва ўстанову, упрыгожаную рознакаляровымі стужкамі і паветранымі шарамі, прыйшлі тыя, хто ў розныя гады сядзеў тут за партамі, чэрпаў веды. І якое ж было ў іх здзіўленне, калі насустрач выбег добра знаёмы ўсім сімвал установы Кансталінчык і прапанаваў зазірнуць у школу.
Тут гасцей чакалі светлыя і родныя кабінеты, у кожным з якіх былі арганізаваны свае выстаўкі дасягненняў навучэнцаў школы. Але асабліва зацікавіла гасцей экспазіцыя пра гісторыю ўстановы ў фотаздымках. Уважліва ўглядаліся ў фатаграфіі былыя школьнікі ў надзеі ўбачыць на іх аднакласнікаў, настаўнікаў, сяброў. А потым поўныя ўражанняў дзяліліся ўбачаным з былымі аднакласнікамі ці на імправізаваным дрэве пакідалі лісткі з пажаданнямі роднай школе.
Пазней урачыстасці з нагоды юбілею працягнуліся ў Пагашчанскім СДК. Выпускнікоў сабралася столькі, што свабодных месц амаль не было. На некалькі гадзін яны сталі адзінай сям’ёй, якая з гонарам магла прамовіць: “Мы — выпускнікі Кансталінскай школы”.
З відэапрэзентацыі “Шлях даўжынёй у 80 гадоў” госці даведаліся пра гісторыю і сучаснасць школы. А потым свята пайшло на адным дыханні. На сцэну выходзілі педагогі, якія з такім жа дзіцячым запалам, як і іх выхаванцы, спявалі песні, расказвалі вершы, ладзілі пастаноўку. Што асабліва прыемна, свае канцэртныя нумары падарылі і былыя вучні школы.
Асобна ўспомнілі ўсіх дырэктараў і настаўнікаў, якія шмат гадоў аддалі Кансталінскай школе. На жаль, не ўсе яны змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве, але кожнаму з іх былі падораны гучныя апладысменты і шчырае “дзякуй”.
А яшчэ юбілей — гэта заўсёды шмат віншаванняў і пажаданняў. Удосталь было іх і ў гэты дзень. Калектыву школы прыемна было пачуць цёплыя словы і атрымаць падарункі ад Опсаўскага сельсавета, аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённага прафсаюза работнікаў адукацыі і СВК “Маяк Браслаўскі”.
Некалькі гадзін канцэрта праляцелі імгненна. Яшчэ доўга не хацелі разыходзіцца госці, гутарылі са сваімі настаўнікамі, аднакласнікамі і сябрамі. Яны не развітваліся са школай, а казалі ёй: “Дапабачэння на наступным юбілей”.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.