Узрастаюць справы да кваліфікацыі

Главное

Па даных Міжнароднай арганізацыі працы, у свеце налічваецца 201 млн беспрацоўных. З пачатку глабальнага крызісу 2008 года знікла больш за 61 млн працоўных месц. У найбольшай ступені беспрацоўе датыкнулася маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, і яе узровень у мінулым годзе дасягнуў амаль 13%. Існуе меркаванне, што колькасць беспрацоўных сярод маладых людзей у бліжэйшыя гады будзе павялічвацца.
Якія справы з працаўладкаваннем у нашай краіне і раёне, карэспандэнт райгазеты Алена Пятушка пацікавілася ў начальніка аддзела занятасці, аховы працы і сацыяльных працоўных адносін Леанарды Пятушкі.
Леанарда Іванаўна, скажыце калі ласка, што сведчыць нацыянальная статыстыка.
Па афіцыйных даных, за апошнія месяцы мінулага года ў агульнарэспубліканскім банку вакансій колькасць свабодных рабочых месц значна знізілася, а беспрацоўных павялічылася. На 1 студзеня колькасць беспрацоўных, якія зарэгістраваны ў органах па працы, занятасці і сацабароне, у Беларусі дасягнула 24,2 тыс. чалавек. Аднак узровень беспрацоўя застаўся нізкім — 0,5 % эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. Па прагнозах Мінпрацы і сацабароне, да канца гэтага года ўзровень беспрацоўя будзе знаходзіцца прыкладна да 1,5 %.
Якая сітуацыя на рынку працы ў нашым раёне?
У перыяд за студзень — сакавік у аддзел занятасці райвыканкама за садзейнічаннем па працаўладкаванні звярнуўся 121 чалавек. Па стане на 1 красавіка статус беспрацоўнага атрымалі 65 браслаўчан, а ўзровень беспрацоўя да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва склаў 0,6 %. Асноўнай крыніцай папаўнення рынку працы з’яўляюцца асобы, звольненыя па прычыне цякучасці кадраў, што складае 53,8 % ад агульнай колькасці зарэгістраваных беспрацоўных.
Леанарда Іванаўна, якую дапамогу беспрацоўным аказвае ваш аддзел?
Колькасць заяўленых вакансій на пачатак красавіка склаў 82 месцы, з якіх 34 — гэта рабочыя прафесіі. За мінулы перыяд гэтага года знайсці працу дапамаглі 51 чалавеку, у тым ліку 33 беспрацоўным.
Што рабіць, калі працу па спецыяльнасці знайсці немагчыма?
Беспрацоўныя, якія не могуць вызначыцца з выбарам прафесіі ці не маюць патрэбнай спецыяльнасці маюць магчымасць прайсці прафпадрыхтоўку за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Так, сёлета такім правам скарысталіся 9 беспрацоўных, трое з якіх навучаюцца па заказу наймальніка.
Леанарда Іванаўна, якія агульныя змены на рынку працы нас чакаюць у далейшым?
Трэба адзначыць, што змены ўжо адчувальны. І ў хуткім часе знайсці ці памяняць работу стане яшчэ больш складана, а магчымасць разглядаць некалькі вакансій знікне. А вось патрабаванні з боку работадаўцаў да кваліфікацыі і лаяльнасці кандыдатаў узрастуць.
Аднак крызіс наўрад ці ў поўнай меры рашыць праблему дэфіцыту высокакваліфікацыйных кадраў. Несумненна, іх работадаўцы будуць утрымліваць рознымі сродкамі, у той жа час самі работнікі стануць больш асцярожнымі і будуць трымацца за існуючую стабільную працу. Нейкі час давядзецца працаваць за меншыя грошы, а зарплату прыйдзецца зарабляць, павялічваючы прадукцыйнасць працы.