У апошнія гады ў вобласці пачасціліся факты крадзяжоў веласіпедаў. Штогод рэгіструецца некалькі сотняў такіх злачынстваў. Так, у 2014 годзе было ўкрадзена больш за 400 веласіпедаў, толькі трэць фактаў раскрыта.
Лідары па колькасці велакрадзяжоў буйныя гарады — Віцебск, Полацк, Орша. Не адстаюць Лепельскі і Чашніцкі раёны — тут у мінулым годзе ўкрадзена ў паўтара-два разу больш веласіпедаў, чым у любым з раёнаў. Калі звярнуцца да статыстыкі па Браслаўшчыне, то за мінулы год тут зарэгістраваны 10 крадзяжоў “двуколых сябраў”, толькі 4 з іх раскрыты.
Статыстыка сведчыць, што асабліва актуальнай праблема становіцца ў вясенне-летні перыяд. У большасці выпадкаў менавіта бестурботнасць уладальнікаў двухколага транспарту і неналежныя ўмовы яго захоўвання спрыяюць зламыснікам. Сваіх “жалезных коней” веласіпедысты пакідаюць каля гандлёвых кропак, пад’ездаў, дамоў, на ноч — на лесвічных пляцоўках ці ў дварах дамоў. Вядома, гэта на руку зламыснікам і падштурхвае іх на злачынства. Каля 64% крадзяжоў веласіпедаў здзяйсняюцца шляхам свабоднага доступу, у палове выпадкаў — у грамадскіх месцах.
Так, два падобныя крадзяжы адбыліся ў мінулым годзе ў г.п. Відзы. У першым выпадку гаспадар пакінуў веласіпед каля магазіна райпа, а ў другім — побач з адміністрацыйным корпусам Відзаўскага ДПТК. Зразумела, што хутка “двуколыя сябры” прыглянуліся зламыснікам.
А вось яшчэ адзін крадзеж, раскрыць які пакуль не ўдалося. Злодзей зазірнуў у незачынены падвал аднаго з шматкватэрных дамоў г. Браслава і прыхапіў адтуль горны веласіпед коштам больш за 1,5 млн рублёў. Шмат і такіх выпадкаў, калі нячыстыя на руку людзі кралі веласіпеды з двароў прыватных дамоў.
Між тым выкананне некалькіх простых правілаў дазволіць знізіць рызыку крадзяжу. Надзейна замыкайце памяшканне агульнага карыстання, у якім захоўваеце веласіпед. Не пакідайце яго без нагляду ў пад’ездах жылых дамоў, на лесвічнай пляцоўцы, у падвалах, у двары, ля крамаў і адміністрацыйных будынкаў.
Самым надзейным сродкам ад злодзея з’яўляецца велазамок. Лепшым, хоць і не вельмі зручным, лічыцца U-вобразны (узламаць, перакусіць, перарэзаць яго складаней, чым тонкія тросавыя замкі). Пры гэтым любым велазамком неабходна старацца блакіраваць не толькі раму, але і адно з колаў. Пакідаючы веласіпед, забірайце з сабой усё здымнае абсталяванне і, вельмі дзейсна, сядло. Прывабнасць веласіпеда без сядла для злодзеяў, якія вырашылі пакатацца, значна меншая.
Таксама не давярайце веласіпед незнаёмым ці мала знаёмым асобам, якія могуць аказацца злодзеямі. А калі вы бачыце каля свайго дома, пад’езда, магазіна і ў іншых грамадскіх месцах падазроных асоб, якія цікавяцца пакінутым без нагляду веласіпедам, неадкладна паведаміце пра гэта ў міліцыю па тэлефоне “102”.
Не лішнім будзе нагадаць сваім дзецям пра меры захаванасці веласіпеда, а разам з тым і неабходнасць выканання правілаў дарожнага руху.
Андрэй Бабуль,
першы намеснік начальніка РАУС.