Цікава і па-сямейнаму ў дружнай атмасферы праходзяць мерапрыемствы ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Таму і не дзіўва, што многія наведвальнікі дома міласэрнасці праводзяць у яго сценах шмат часу. Ахутаныя клопатам і ўвагай супрацоўнікаў цэнтра, яны штодзень прыходзяць сюды, каб пагутарыць, нешта абмеркаваць, знайсці сябе занятак па душы.
Вось і на мінулым тыдні ва ўтульнай зале адпачынку аддзялення за кубачкам пахучай гарбаты сабраліся і наведвальнікі, і супрацоўнікі цэнтра, каб больш даведацца пра лекавыя ўласцівасці гэтага цудоўнага напітка. Шмат невядомых, часам не зусім прымальных для нас фактаў пра гарбату паведаміла супрацоўнік раённай бібліятэкі Галіна Драбовіч.
Напрыклад, у Індыі гарбату п’юць са спецыямі — гваздзікай, карыцай і імбірам, манголы заварваюць яе на булёне з рысам, мясам, цыбуляй і соллю, на Тыбеце гарбату змешваюць з соллю, сметанковым маслам і ўзбіваюць гарачую сумесь.
А колькі, аказваецца, загадак, прымавак і легенд прыдумана рознымі народамі пра гэты такі звычайны для нас напітак.
Цікавым фактам пра гарбату падзялілася і член клуба “Сустрэча” пры раённай бібліятэцы Людміла Гаран.
І несумненна, на працягу гэтай пазнавальнай размовы ўсе з задавальненнем аздараўлялі свой арганізм карысным пахучым напіткам.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.