Солнца, паветра і вада

Главное

6600Адпачыць на свежым паветры на беразе возера, ды яшчэ калі шанцуе з надвор’ем — хто не марыць пра гэта? А вось школьнікі з Друі гэтыя мары ажыццяўлялі з 3 па 11 жніўня ў аздараўленчым палатачным лагеры кругласутачнага знаходжання ваенна-патрыятычнага профілю (сумесна з пагранічнікамі).
Палатачны лагер знаходзіўся на беразе маляўнічага возера Аба’е. 10 хлопчыкаў і дзяўчынак з выхавальнікамі на працягу 9 сонечных і цёплых дзён не проста бавілі час, але і насычалі яго карыснымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі. Шэфамі з’яўляюцца пагранічнікі, таму яны самі былі гасцямі ў дзяцей і запрашалі іх да сябе на пагранпост.
Мне ж давялося трапіць у лагер якраз ў пяты дзень яго дзеяння. Прыехалі ў разгар падрыхтоўкі да абеду: на вогнішчы знаходзіўся кацялок, а дзяўчаты чысцілі бульбу, дарэчы, вырашчаную на школьным прысядзібным участку.
— У нас наладжаны дзяжурствы па лагеры. Дзеці дапамагаюць гатаваць ежу, мыць посуд, робяць і іншую няцяжкую гаспадарчую працу, — расказвае пра асаблівасці жыцця ў палатачных умовах начальнік лагера Вітаўс Лукян. — Раніцай пасля пад’ёму, адразу зарадка, водныя працэдуры і далей па раскладзе лагера. Кожны дзень адметны якімі-небудзь падзеямі. Вось літаральна на днях былі на пагранзаставе ў Плюсах, на пагранпасту ў Друі. Дзецям спадабалася ўбачанае. Яны пазнаёміліся з асаблівасцямі ладу армейская жыцця, пабачылі як арганізаваны дзень пагранічніка. Ім паказалі зброю, з якой пагранічнікі ахоўваюць нашу мяжу. Падлеткам былі прадэманстраваны ўменні службовай сабакі вайскоўцаў. Яшчэ запланаваны паездкі ў Опсу і вальеры з дзікімі жывёламі.
Нягледзячы на палатачны статус лагера, дзецям тут створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага адпачынку. Нават пільны нагляд выхавальнікаў не перашкаджае набіраецца ўражанняў на ўлонні прыроды, далей ад камп’ютарных гульняў, інтэрнэту і віртуальных зносін. Тут камп’ютарную мышку замяняе вудачка, замест віртуальнай рыбалкі — сапраўдная. Замест паведамленняў у соцсетках адзін аднаму — жывое абмеркаванне праведзенага дня падчас вячэрніх пасядзелак ля вогнішча.
Але хто падзеліцца ўражаннямі ад адпачынку лепш, чым самі дзеці? Таму накіроўваюся да іх, каб пазнаёміцца. Усе яны аднаго ўзросту, вучацца ў паралельных класах. На пытанне, як вам адпачываецца, яны пачалі адказваць з захапленнем у вачах:
— Усё выдатна! Нам тут падабаецца больш, чым у школе! Не хочацца дадому, хочацца яшчэ адпачыць! На наступны год буду зноў запісвацца!
На гэтай пазітыўнай ноце я і развіталася з загарэлымі задаволенымі падлеткамі.

Алена Набеева.
Фота аўтара.