У ладзе і згодзе 55 гадоў

Главное

11100x200Зараз усё часцей можна пачуць пра пары, якія пасля вяселля хутка зноў ідуць у ЗАГС, але ўжо аформіць развод. Аднак ёсць і такія выдатныя прыклады ўзаемапавагі, даверу і кахання, пранесенага парамі праз гады, якія разам 40, 50 і больш гадоў. Да іх адносяцца Георгій Фаміч і Яніна Станіславаўна Мацукі з аграгарадка Опса, якія днямі адзначылі свой ізумрудны юбілей сумеснага жыцця. У чым сакрэт сямейнага даўгалецця гэтай пары, я высветліла, завітаўшы да іх у госці.
Георгія Фаміча і Яніну Станіславаўну ў аграгарадку ведаюць і паважаюць усе. Заслужылі яны гэта сваёй працавітасцю, добразычлівасцю, шчырасцю. З дзяцінства абодва прывыклі да працы, навучылі іх бацькі і яшчэ адной простай ісціне — заўсёды быць ветлівымі да людзей.
Яніна Станіславаўна родам з замошскіх мясцін. Пасля вучобы прыехала ў Опсаўскі КБА працаваць швачкай, і гэтай прафесіі прысвяціла 27 гадоў, а пазней яшчэ 13 адпрацавала аператарам на ферме.
Лёс гаспадара сям’і быў больш цяжкі. Сям’я Георгія Фаміча была не з заможных, а трэба было гадаваць чацвёра дзяцей. А тут яшчэ вайна наляцела, і Мацукі ў поўнай меры адчулі на сабе голад і холад. У пасляваенны час хлопец скончыў Мінскае вучылішча кінамеханікаў і па размеркаванні вярнуўся на Браслаўшчыну. Аднак лёс распарадзіўся па-іншаму, і мужчына трапіў спачатку на лесанарыхтоўку ў Сібір, а потым трактарыстам на цаліну. Калі ж вярнуўся ў Опсу, стаў працаваць кінамеханікам і гэтай справе аддаў больш за 30 гадоў.
Невыпадкова, што менавіта кіно і звяло двух людзей. Маладая Яніна прыходзіла на сеансы, вечарамі сустракаліся на танцах у клубе, тады ж і прыглянулася яна Георгію. Ды і вясёлы, жартаўлівы і абаяльны хлопец таксама запаў у сэрца дзяўчыны. А ў ліпені 1960 года маладыя людзі сыгралі вяселле. У той час яны ўявіць сабе не маглі, што іх чакае доўгае шчаслівае жыццё, пашана на рабоце і павага аднавяскоўцаў.
— Ведаеце, не было ў жыцці такога, каб я пашкадавала, што выйшла за Геогія замуж. Мы стараемся жыць у ладзе і згодзе, — дзеліцца Яніна Станіславаўна. — Вядома, не ўсё ідзе гладка па жыцці, за столькі часу разам здараліся спрэчкі, але іншы раз трэба прамаўчаць, а не падліваць масла ў агонь. Лічу, што паміж мужам і жонкай павінны быць узаемаразуменне і даверлівыя адносіны.
— Мая Яніна — мудрая жанчына, — уступіў у размову георгій Фаміч. — Яна ўмее знайсці падыход. Яе “зброя” — добрае слова і ласка, таму нашы дзеці ніколі не чулі спрэчак у хаце.
Так і жывуць яны ў ладзе і згодзе 55 гадоў. Пэўны час нават працавалі разам. Муж паказваў кінастужкі, а жонка прадавала білеты, разам на матацыкле ездзілі з вёскі ў вёску і вазілі паказваць кіно. А пасля таго, як яно стала незапатрабаваным, абодва перайшлі ў мясцовую гаспадарку. Акрамя працы там, паспявалі ўпраўляцца і па хатняй гаспадарцы: трымалі кароў, свіней. Зараз у гаспадароў — толькі куры, але абавязкова садзяць агарод. А як жа інакш, кажуць, у вёсцы жыць і нічога не садзіць. Нават у свае немаладыя гады ў іх двары — парадак, а ў доме — чыста і ўтульна.
Ізумрудныя юбіляры заўсёды былі працавітымі, сумленнымі людзьмі. Такімі ж яны выгадавалі дзвюх дачок. А зараз іх радуюць сваімі поспехамі ўжо чацвёра ўнукаў і праўнучка Даша. Яны частыя госці ў доме любімых бабулі і дзядулі. Вось і ў дзень юбілею вяселля сабраліся яны разам за святочным сталом, каб адзначыць свята сваіх самых дарагіх людзей на зямлі, павіншавалі і шчыра пажадалі Георгію Фамічу і Яніне Станіславаўне сустрэць разам брыльянтавае вяселле.
Сваім прыкладам, сваім жыццём Яніна і Георгій Мацукі пацвярджаюць даўнюю народную мудрасць, якая гаворыць, што ў кахання няма канца, а ёсць толькі пачатак. Я ж напрыканцы нашай гутаркі з юбілярамі не магла не запытацца, у чым сакрэт іх доўгага сямейнага шчасця, і пачула такі цікавы адказ:
— Трэба быць уважлівымі адзін да другога, уступаць дзе трэба, дараваць і кахаць. А ўсё астатняе прыкладзецца, — уголас зазначылі юбіляры.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.