Шмат вялікіх вёсак і маленькіх вёсачак раскінулася на тэрыторыі нашага раёна. І каб населеныя пункты былі дагледжанымі і радавалі вока сваім выглядам, а вяскоўцы — задаволенымі ўмовамі жыцця, адміністрацыям сельскіх Саветаў трэба прыкласці шмат намаганняў. Тут ім на дапамогу прыходзяць людзі, якія ведаюць і пра патрэбы мясцовых жыхароў, і пра турботы ўлады, — вясковыя старэйшыны.
У вёсцы Крукі Мяжанскага сельсавета гэтую клопатную пасаду займае Генрых Вавінскі. Сам мясцовы, ён добра знаёмы людзям і заўсёды адгукаецца на іх праблемы. Да яго звяртаюцца па любых пытаннях грамадскага жыцця не толькі аднавяскоўцы, а і жыхары яшчэ 4 навакольных вёсак. Ініцыятыўнасць і неабыякавасць Г. Вавінскага не засталіся незаўважанымі: нездарма ўжо каля 10 гадоў яго абіраюць на адказную пасаду.
Дзейсны і актыўны, не прамяняў калісьці Генрых Іванавіч невялікую вёску на шумны горад. Работы ніколі не цураўся: пасля арміі давялося яму папрацаваць у мясцовым калгасе, на “Белрыбпрадукце”, цяпер Г. Вавінскі — рыбавод у пітомніку “Мякяны” нацыянальнага парка. Звязаўшы сваё жыццё з Браслаўшчынай, Генрых Іванавіч стварыў тут сям’ю, разам з жонкай выгадаваў траіх дзяцей, мае ўжо і ўнукаў. І родныя з разуменнем адносяцца да яго грамадскай дзейнасці, якая патрабуе шмат часу і сіл.
Хоць навакольныя вёскі малыя і жыхароў нямнога, але кола жыццёвых праблем вялікае. Пераважная большасць насельніцтва — людзі сталага ўзросту. Таму і праблемы даводзіцца старэйшыне вырашаць адпаведныя: нарыхтоўка дроў, апрацоўка прысядзібных часткаў, рамонт дарог, аказанне дапамогі пры пахаванні і многія іншыя. Дзякуючы намаганням Генрыха Іванавіча, у населеных пунктах праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні. Прычым па ініцыятыве свайго старэйшыны важкі ўклад у гэту справу ўнеслі самі мясцовыя жыхары. Па словах Г. Вавінскага, маецца “касцяк” — брыгада мужчын, якія шмат дапамагаюць яму ў навядзенні парадку. Асабліва ганарыцца старэйшына добраўпарадкаваннем мясцовых могілак, дзе былі выдалены старыя аварыйныя дрэвы. Іх давялося выпілоўваць літаральна па кавалачках, каб не пашкодзіць помнікі.
Генрых Іванавіч вельмі адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, заўсёды ў курсе пытанняў, якія патрабуюць неадкладных мер, і ў супрацоўніцтве з мясцовай уладай вырашае многія праблемы. Маючы актыўную жыццёвую пазіцыю, ён, дарэчы, яшчэ і дэпутат сельскага Савета, пастаянны ўдзельнік выбарчых кампаній.
Шмат добрых слоў пра старэйшыну выказала старшыня Мяжанскага сельвыканкама Жанна Акула:
— Генрых Іванавіч — сапраўдны гаспадар з вялікай літары. Няма такіх пытанняў, якія б ён не вырашыў. У любую хвіліну да яго можна звярнуцца па дапамогу, і ніколі не адмовіць. Гэта дастойны, чулы, шырокай душы чалавек, які перажывае за справу, за сваю маленькую радзіму.
Неабыякавы да жыцця вёскі, Г. Вавінскі заслужана набыў людскую павагу, а па выніках мінулага года адзначаны ў ліку лепшых старэйшын раёна.
Жанна Бялько.
Фота аўтара.
Генрых Вавінскі заўсёды ў клопатах пра вяскоўцаў.