Браслаў. Баян — Фэст. Пад такой назвай напрыканцы сакавіка адбылося яскравае музычнае мерапрыемства, якое аб’яднала музыкантаў з Браслава, Наваполацка і латвійскага горада Наўене.
Ініцыятарам фестывалю выступіла Браслаўская ДШМ. Некалькі гадоў запар установа праводзіла справаздачны канцэрт дзіцячага “ўзорнага” аркестра баянаў пад кіраўніцтвам Ірыны Бялусь. Ён выклікаў цікавасць у браслаўчан, таму, па словах дырэктара школы мастацтваў Людмілы Новікавай, узнікла ідэя расшырыць яго рамкі і запрасіць да ўдзелу даўніх сяброў установы.
Падчас мерапрыемства, якое адбывалася на сцэне раённага цэнтра культуры, для гледачоў гучалі класічныя і сучасныя творы розных жанраў у выкананні дзіцячага “ўзорнага” аркестра баянаў, гасцей з Наваполацкага музычнага каледжа і Наўенскай музычнай і мастацкай школы. Кожны нумар суправаджаўся бурнымі апладысментамі ўдзячных слухачоў. Сапраўдным сюрпрызам для прысутных у глядзельнай зале стала агульнае выступленне музыкантаў. На раённай сцэне яны аб’ядналіся ў зводны аркестр пад кіраўніцтвам І. Бялусь і пакарылі прысутных сваім майстэрствам.
“Браслаў. Баян — Фэст” яшчэ адно пацвярджэнне таго, што для сапраўднага сяброўства ні адлегласці, ні межы не з’яўляюцца перашкодай. Цудоўна, што менавіта браслаўская зямля стала месцам сустрэчы юных музыкантаў і прафесіянальных выканаўцаў. Няхай жа на наступны раз геаграфія яго ўдзельнікаў толькі пашырыцца!
Алена Набеева.