Зброю лепш здаць

Акции, конкурсы, выступления Человек и закон

i (1)У Браслаўскім раёне перыядычна праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне кантролю і ўлік у сферы абароту зброі і боепрыпасаў. Чарговае з іх — спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Арсенал” будзе ладзіцца ў красавіку. Падрабязней пра СКМ расказаў першы намеснік начальніка РАУС Андрэй Бабуль:

— Такі комплекс мерапрыемстваў пройдзе з 11 па 15 красавіка з мэтай супрацьдзеяння абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых прылад і рэчываў. Падчас яго людзям, якія маюць незарэгістраваную зброю і боепрыпасы, прадастаўляецца магчымасць пазбавіцца ад іх. Пры гэтым грамадзяне гарантавана будуць вызваленыя ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. А вось тым, у каго падчас рэйдавых мерапрыемстваў будуць выяўленыя незаконныя зброя і боепрыпасы — давядзецца адказваць.

Так, за незаконнае набыванне, захоўванне, перасылку, нашэнне, перадачу на карыстанне, перавозку паляўнічай агнястрэльнай зброі, а таксама яе састаўных частак, кампанентаў ці боепрыпасаў пагражае штраф ад 10 да 30 БВ з канфіскацыяй прадмета правапарушэння ці без, або пазбаўленне спецыяльнага права з канфіскацыяй прадмета правапарушэння ці без.

За незаконны выраб, набыванне, перадачу на захоўванне, захоўванне, перавозку, перасылку ці нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў ці прылад, а таксама іх частак, кампанентаў прадугледжаны папраўчыя работы да 2 гадоў, або арышт да 6 месяцаў, або пазбаўленне волі да 5 гадоў, магчыма таксама пазбаўленне волі да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без. Калі такія ж дзеянні ўчынены паўторна ці групай асоб  — абмежаванне волі да 5 гадоў ці пазбаўленне волі ад 2 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без.

Ужо з пачатку года супрацоўнікі РАУС сутыкнуліся з выпадкамі незаконнага захоўвання зброі і боепрыпасаў да яе. Так, у відзаўчаніна былі канфіскавыаныя патроны да паляўнічай стрэльбы, якія захоўваліся незаконна. За гэта ён быў аштрафаваны на 15 БВ. Ці вось другі выпадак. Жыхар раёна знайшоў у лесе стрэльбу і вырашыў дома паспрабаваць разабраць і пачысціць. Аднак карыстацца ёй не ўмеў і неасцярожнае абыходжанне са зброяй прывяло да таго, што яна стрэліла, а куля трапіла ў нагу жонцы гаспадара. Мужчыну аштрафавалі на 20 БВ.

Яшчэ раз нагадваем, што ад незарэгістраванай зброі лепш пазбавіцца ў час правядзення СКМ “Арсенал”. Па пытаннях добраахвотнай здачы, а таксама з інфармацыяй аб яе незаконным захоўванні можна звяртацца ў Браслаўскі РАУС па тэлефоне 62-2-02. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.

Таццяна Пятушка.