Жудасны ўзор дзіцячай памяці

Люди

1Не-не ды і складуцца доўгімі зімовымі вечарамі асколкі параненай памяці Тамары Тоісцевай у страшэнны ўзор. Калючы дрот, доўгі драўляны барак, нары, знясіленыя хворыя людзі і злыя вокрыкі немцаў. І ўсё гэта ахутана пачуццём жаху, голаду і холаду.

Трагічнай рэальнасцю ў 1942 годзе вайна ўварвалася ў мірнае жыццё жыхароў Друі. І амаль адразу друяне на сабе адчулі злавеснае значэнне гета.

З гісторыі добра ведаем, што ў фашыстаў была створана не адна машына смерці, і да сённяшняга часу ўсе яны ўражваюць сваёй жахлівай удасканаласцю. Васьмігадовай Тамары разам з сям’ёй давялося прайсці праз рухавік адной з іх — канцлагер “Саласпілс”. Прайсці і выжыць.

Вераснёўскай раніцай 1943 года немцы бесцырымонна пастукалі ў дзверы і загадалі ўсім выходзіць з дома. З сабой дазволілі ўзяць самае неабходнае, што можна несці ў руках.

  • Маці ўзяла трохгадовага брата, — успамінае Т. Тоісцева. — Мы з бабуляй захапілі тое-сёе з адзення і ежы. Але ў той дзень у хаце не было ні лустачкі хлеба. Яго збіраліся спячы толькі да абеду.

Не было ў хаце і бацькі. Ён яшчэ адвячоркам адправіўся да сваякоў у суседнюю вёску. Але свайго трагічнага лёсу мужчына не абмінуў. У канцлагер яго забралі крыху пазней, і адтуль ён ужо не вярнуўся.

Напалоханых, разгубленых, іх прыгналі да Дзвіны і пагрузілі на баржы. Каля 80 чалавек, дзеці і дарослыя, з жахам чакалі свайго прысуду.

  • Пасля масавых расстрэлаў у Друі, — выцірае слёзы Тамара Мікалаеўна, — усе былі ўпэўнены, што нас чакае такая ж доля.

Але выпрабаванні толькі пачыналіся. Калі баржа прычаліла да латвійскага берага, усіх палонных пагналі да чыгункі, дзе сілком запіхалі ў вагоны для жывёл. Людзей было столькі, што не маглі сесці. Так і ехалі стоячы.

У лагер трапілі ноччу. Усіх прымусілі раздзецца і памыцца ў лазні халоднай вадой. Пасля далі лахманы і загналі ў барак. Сям’і Тамары Мікалаеўны пашчасціла, калі магчыма так сказаць: іх пасялілі разам на трэцім паверсе нараў. Было вельмі цесна, і спаць маглі толькі на баку, саграваючы адзін аднаго сваімі целамі. Кармілі цёмнай баландой з гнілой бульбы. З болем у вачах успамінае суразмоўніца, як у яе бралі з вены кроў, а дарослым пасля такой працэдуры яшчэ даводзілася працаваць па 14 гадзін. Нямоглых і хворых расстрэльвалі. Смерць тут была сапраўднай гаспадыняй. Месца загінулых адразу займалі іншыя гаротнікі.  Тамара і яе родныя выжылі ў гэтай смяротнай машыне.

  • У Саласпілсе з 1941-га па 1944 год былі знішчаны 53 тыс. чалавек, а ўключаючы філіялы канцлагера, больш за 100 000.

Калі пачалася вызваленчая аперацыя, кажа Т. Тоісцева, усе радаваліся, хоць і была недарэчная выпадковасць загінуць ад рук вызваліцеляў.

  • Нават у немаўлят бралі кроў па 100-150 грамаў, ад чаго некаторыя паміралі адразу, а большасць з іх пасля паўторных забораў крыві. Экспертнай камісіяй устаноўлена, што з канца 1942-га па 1944 год у 12 000 дзяцей, якія ўтрымліваліся ў Саласпiлскiм лагеры, было забрана не менш за 3500 літраў крыві.

Доўгім і складаным быў шлях на радзіму, цяжкім грузам ляглі на плечы і пасляваенныя гады. Тым не менш Тамара закончыла ў 1955 годзе Друйскі будаўнічы тэхнікум. А праз колькі часу пад кіраўніцтвам старшага прараба мясцовага саўгаса Т. Тоісцевай у Друі былі пабудаваны 8-кватэрныя дамы, многія зернясховішчы, фермы і цялятнікі.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: Часам ад сумных успамінаў сціснецца сэрца Тамары Тоісцевай.