
Механізатары СВК «Маяк Браслаўскі» першымі ў раёне завяршылі ўборку траў першага ўкосу і пачалі рыхтавацца да самай адказнай у жыцці хлебаробаў пары — уборкі ўраджаю.
Пра тое, як праходзіў сенакос, карэспандэнту газеты Аляксандру Азевічу расказала галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Таўкінь:
— Мы скасілі, зарулонілі і паклалі ў траншэі травы з плошчы 2070 гектараў. З іх нарыхтавалі 13200 тон сенажу і 660 т сена, або амаль па 18 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта крыху менш, чым было ў мінулым годзе, аднак пры неабходнасці можам яшчэ папоўніць запасы сенажу з аднагадовых культур ды маем яшчэ пераходны фонд з нарыхтаванага летась.
Сенакос, як і ў папярэднія гады, праходзіў без аўралаў і лішняй мітусні. Работу механізатары пачыналі ў 8 гадзін, заканчвалі ў 21. Гэта без часу на пераезд, падрыхтоўку тэхнікі, з двума невялікімі перапынкамі на абед і вячэру.
Для падборшчыка-здрабняльніка «Ягуар» касілі толькі 9-метровымі касілкамі, што выключае пападанне ў валкі камянёў. Ды і КВК стараліся таксама пускаць за гэтымі агрэгатамі. Але калі намячаўся прастой, задзейнічалі ротарныя касілкі і граблі.
На кругласутачную трамбоўку зялёнай масы адрадзілі 4 трактары. Дарэчы, увесь сянаж закладвалі толькі з кансервантамі.
На гэтым тыдні адправілі на дапамогу ААТ «Бярозавы край» 9 адзінак тэхнікі, якой разлічваем скасіць і закласці ў сянаж 500 гектараў шматгадовых траў для жывёлы суседзяў.
Я задаволена тым, што ў нас паміж касавіцай траў і ўборкай ураджаю атрымаўся даволі працяглы перапынак. Думаю, збожжавыя раней як тыдні праз два ўбіраць не пачнём, ды і рапс сёлета даспее не раней за каласавыя культуры. Таму механізатары без лішняй спешкі паспеюць падрыхтаваць камбайны, правядзём наладку сушыльных агрэгатаў і сустрэнем жніво ў поўнай гатоўнасці, каб правесці яго зладжана і арганізавана.
■ Фота аўтара.