Снегапад не застаў знянацку

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
1
У асенне-зімовы перыяд вадзіцель “Браслаў-камунальніка” Леанід Яроцкі і днём, і ноччу, у будныя і святочныя дні, адным словам, у любую хвіліну гатовы выехаць на сваім МАЗе на расчыстку вуліц ад снегу і іх падсыпку.

Сёлетняя першая дэкада лістапада нязвыкла здзіўляе вялікімі снегападамі. Але яны не засталі знянацку браслаўскіх камунальнікаў.

Як паведаміў начальнік участка па добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” Станіслаў Галіцкі, у прадпрыемстве загадзя было нарыхтавана звыш 550 тон пясчана-солевай сумесі, падрыхтавана 6 адзінак тэхнікі, удосталь назапашана паліва. І калі зямля схавалася пад першым рыхлым снегам, уся тэхніка спраўна адпрацавала ў выхадныя дні на вуліцах і ў дварах горада з 6 гадзін раніцы да 16.00.

А калі ў ноч з серады на чацвер зноў засыпаў густы снегапад, то ўжо з дзвюх гадзін на ачыстку гарадскіх вуліц дружна выехалі з бульдозернымі адваламі 2 МАЗы, 2 МТЗ, раскідвальнік сумесі, а тратуараў — міні-трактар. Акрамя механізаванай уборкі, з пяці гадзін раніцы шырокімі лапатамі снег таксама расчышчалі 11 работнікаў участка саначысткі, і ўжо ў пачатку восьмай гадзіны большасць гарадскіх вуліц была не толькі расчышчана, але і падсыпана.

■ Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.