Сваімі меркаваннямі наконт газеты «Браслаўская звязда» дзеліцца рэферэнт па забеспячэнні дзейнасці аддзялення прымусовага выканання Наталля Кастыгова:
— Калі чытаць кнігі цікава і карысна, то газеты — проста неабходна, бо яны з’яўляюцца асноўнай крыніцай патрэбнай інфармацыі. Вельмі важна ведаць, што адбываецца ў нашым цудоўным краі, а раёнка дае такую магчымасць. Таму, лічу, што яна павінна быць у кожным доме.
У маіх бацькоў «Браслаўская звязда» была і застаецца абавязковым друкаваным выданнем. Сама гартаць яе старонкі пачала яшчэ ў школьныя гады, калі рыхтавалася да інфармацыйных гадзін. А цяпер ужо і сама шмат гадоў з задавальненнем выпісваю.
Падабаецца тое, што яна змяшчае разнастайную інфармацыю, дапамагае быць юрыдычна «падкаваным». Прыемна, што разам з часам мяняецца змест, структура і характар «Браслаўскай звязды». Абавязкова чытаю звесткі пра самае актуальнае, што адбываецца на Браслаўшчыне. З цікавасцю праглядаю матэрыялы пра руплівых і дзейных людзей раёна, маладых спецыялістаў, таленавітых дзетак, якія сваімі працоўнымі дасягненнямі, творчасцю і выдатнымі вынікамі ў вучобе ўносяць годны ўклад у скарбонку поcпехаў нашага краю. Шмат прыемных хвілін дастаўляюць «Нявыдуманыя гісторыі». Не мінаю ўвагай рубрыку «Прававы кансультант», бо там змяшчаюцца публікацыі супрацоўнікаў і нашага аддзела, якія мы збіраем асобна. Карысныя матэрыялы пра гістарычнае мінулае нашай малой радзімы.
Звяртаю ўвагу на віншаванні, каб даведацца пра юбілеі знаёмых, з цікавасцю чытаю і рэкламныя аб’явы.
На развітанне Наталля пажадала калектыву рэдакцыі і далей знаходзіць разнастайныя злабадзённыя матэрыялы, каб газета заставалася цікавай і шматпланавай.
■ Алена ПЯТУШКА.
Фота аўтара.