Юрый Завадскі і яго чатырохлапая памочніца

Люди

Надзейны, вытрыманы і дысцыплінаваны — так кажа пра свайго напарніка міліцыянер-кінолаг групы затрымання Браслаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Юрый Завадскі. І не адразу зразумееш, што размова ідзе пра сабаку.

Трэба сказаць, выгадаваць і выхаваць добрага службовага сабаку — справа нялёгкая і адказная. Але малады ахоўнік, які больш за год таму назад уліўся ў рады супрацоўнікаў аддзялення, выдатна з ёй спраўляецца.

— Да вайсковай дысцыпліны прызвычаіўся яшчэ ў арміі, — кажа Ю. Завадскі, — таму цяжкасці службы мяне не палохаюць. Галоўнае, што калектыў прыняў дружалюбна, кіраўніцтва заўсёды ідзе насустрач ды і зарплата годная.

Спачатку Юрый быў міліцыянерам-вадзіцелем, але ў хуткім часе яму прапанавалі вывучыцца на кінолага, і спакойны па характары хлопец згадзіўся.

Амаль пяць месяцаў ён разам з аўчаркай па мянушцы Гера праходзіў спецыяльную падрыхтоўку ў вучэб- ным цэнтры Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь. На трэніровачных курсах адпрацоўвалі разнастайныя навыкі: знаходзіць зламысніка па слядах і рэч па паху, затрымліваць парушальніка і іншыя. І каб дасягнуць станоўчых вынікаў, адзначае Ю. Завадскі, важна ў першую чаргу знайсці ўзаемапаразуменне са сваім гадаванцам. А для гэтага трэба мець жалезныя нервы і цярпенне. Кожны дзень варта ўдасканальваць навыкі свайго памочніка, пры гэтым захоўваць шэраг строгіх правілаў: пільна сачыць за рацыёнам і здароўем Геры, кожны дзень хадзіць з ёй на прагулку, нягледзячы на надвор’е.

Юрый і яго калматая напарніца Гера яшчэ толькі ў пачатку прафесійнай кар’еры, і таму схапіць зламысніка «за пяту» пакуль не было магчымасці, тым не менш маёмасць грамадзян пад надзейнай аховай.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.