У адпаведнасці з каардынацыйным планам кантрольнай дзейнасці на 2-е паўгодзе 2012 г. супрацоўнікі Полацкага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі ў апошнім квартале мінулага года правялі праверку ПГУП “Браслаўскі харчгандаль”.
З 7-і правераных магазінаў прадпрыемства ў 5-і ўстаноўлены факты рэалізацыі і захоўвання прадукцыі 27-і найменняў, у якой зышоў тэрмін годнасці, у тым ліку каўбасных і кандытарскіх вырабаў, малочных прадуктаў, уксусу яблычнага, маргарыну, супу маментальнага прыгатавання, сухога растваральнага шакаладнага напітку.
У продажы знаходзіўся і сыр “Расійскі малады”, паверхня якога была пакрыта цвіллю, што недапушчальна.
Рэалізоўвалася таксама харчовая прадукцыя, на спажывецкай упакоўцы якой маркіроўка ці ўвогуле адсутнічала, ці на ёй не была ўказана дата вырабу прадукту.
Па выніках праверкі прадпрыемству забаронена рэалізацыя прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням якасці, на суму 1103,1 тыс. руб., 5 службовых асоб прыцягнуты да адміністацыйнай адказнасці.
Ніна Баравікова,
начальнік аддзела дзяржнагляду.