Безнаяўных разлікаў стане больш

Главное

У апошні час у наша жыццё ўсё больш упэўнена ўваходзяць пластыкавыя карткі, безнаяўныя разлікі за паслугі і тавары. Вынікам павышэння даверу насельніцтва да гэтага плацежнага інструмента з’яўляецца стабільны рост долі безнаяўных аперацый з выкарыстаннем картак. Пра справы ў гэтым накірунку, у прыватнасці, у ЦБП №205 у г. Браславе, пра змены ў сістэме безнаяўных разлікаў у будучым карэспандэнт газеты Зінаіда Палулех гутарыць з намеснікам кіраўніка цэнтра банкаўскіх паслуг Наталляй Хір’янавай.
— Наталля Уладзіміраўна, якая сітуацыя на цяперашні момант складваецца ў сферы абслугоўвання пластыкавых картак у нашым раёне?
— У абарот выпушчана 10800 пластыкавых картак. Цяпер у раёне функцыянуюць 15 пунктаў прыёму камунальных плацяжоў і столькі ж выдачы наяўных грашовых сродкаў, 6 інфакіёскаў, 3 банкаматы ў Браславе — па вул. Кастрычніка, у аграгарадку Слабодка і г.п. Відзы.
Больш за 620 чалавек карыстаюцца пенсіённымі пластыкавымі карткамі, 178 гандлёва-сэрвісных арганізацый абслугоўваюць трымальнікаў пластыкавага кашалька, з іх 120 тэрміналаў устаноўлены на падставе заключаных з Беларусбанкам дагавораў.
У магазіне “Камелія” існуе 2% скідка пры аплаце пенсіённымі картачкамі, а ва ўніверсаме “Відзаўскі” – 1% пры разліку ўсімі карткамі Беларусбанка.
— А ці плануецца ўстанаўленне дадатковых банкаматаў ці інфакіёскаў, бо іншы раз па чарзе адчуваецца, што іх у горадзе недастаткова?
— Так, разлічваем устанавіць знешні банкамат на аўтастанцыі, інфакіёск у памяшканні ЦБП па вул. Кастрычніка.
— На сённяшні дзень усё большай папулярнасцю, асабліва ў маладых, карыстаюцца сэрвісы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, якія дазваляюць трымальнікам пластыкавых картак кіраваць грашовымі сродкамі на карт-рахунку ў любы час і ў любой кропцы свету. А ў нас многа такіх жадаючых?
— Паслугай Інтэрнэт-банкінг карыстаюцца 492 чалавекі, а М-банкінг крыху больш за 250. Яны ўжо ўпэўніліся ў перавагах паслуг, калі, не выходзячы з дому ці з офіса, можна зрабіць патрэбныя плацяжы.
— Наталля Уладзіміраўна, нядаўна з’явілася інфармацыя, што да 2016 года долю безнаяўнага грашовага абароту ў сферах рознічнага гандлю і паслуг у Беларусі плануецца павялічыць прыкладна ў чатыры разы – да 50%. Што можаце патлумачыць на гэты конт. Гэта не будзе парушэннем правоў спажыўцоў?
— Так, Нацбанк выступіў з пэўнымі ініцыятывамі па развіцці сучасных электронных плацежных інструментаў. У прыватнасці, прапанаваў заканадаўча ўстанавіць патрабаванне па аплаце ў безнаяўным парадку ў рознічным гандлі тавараў, работ ці паслуг, кошт якіх у сто і больш разоў перавышае памер базавай велічыні, устаноўленай на дзень рэалізацыі спажыўцу.
Падобная практыка дзейнічае ў многіх краінах свету. У Італіі, напрыклад, існуе забарона на аплату наяўнымі грашамі тавараў на суму, якая перавышае тысячу еўра. У Грэцыі наяўныя не прымуць, калі кошт пакупак перавысіць паўтары тысячы еўра, у Францыі і Іспаніі – тры тысячы, у Бельгіі – пяць тысяч. І ніхто гэта не звязвае з парушэннем правоў спажыўца.
— Аднак што ў такім выпадку рабіць тым, хто атрымлівае зарплату ці пенсію наяўнымі рублямі, адкладваючы частку з іх на дорагакаштуючую пакупку?
— Спецыялісты Нацбанка адзіныя ў сваім меркаванні на гэты конт. Хоць рашэнне яшчэ не прынята, варта не чакаць “гадзіны Х”, а займець уласную пластыкавую разліковую картку. Дарэчы, пенсію можна аўтаматычна залічваць як на ўкладную, так і на спецыяльную пенсіённую картку.
— Дзякую, Наталля Уладзіміраўна, за размову.