Як на Браслаўшчыне рыхтуюць фермы да новага стойлавага сезона

Деньги
У разгары летне-пашавы перыяд, а гэта азначае, што прыйшоў час паклапаціцца пра рамонт памяшканняў для ўтрымання жывёлы. У КУСП «Браслаўскі» напрыклад, не трацяць час дарэмна, а на ферме «Мількі» ўжо будуюць спецыяльныя загоны для маленькіх цялят.

Справа ў тым, што палова гэтай фермы выкарыстоўваецца для дарошчвання цёлак, у другой частцы летась пабудавалі 5 загонаў для цялят. У кожнай клетцы знаходзіцца прыкладна па 8 галоў. Малочных цялят ва ўзросце 20 дзён, калі іх забіраюць ад каровы, прывозяць менавіта сюды. Тут малыя праходзяць адаптацыйны перыяд, атрымліваюць патрэбныя прышчэпкі і добры догляд. Гадуюцца яны на бяспрывязным утрыманні, харчуюцца збалансавана і хутка набіраюць у вазе.

Мінулы год паказаў, што такі спосаб дарошчвання працуе лепш, чым плёначнікі. Цяляты амаль не хварэлі, сярэднясутачныя прывагі складалі каля 700 грамаў. Таму сёлета было вырашана выкарыстаць пад такія ж клеткі для цялят яшчэ і частку пустуючага памяшкання. Цяпер ідуць работы па будаўніцтве пяці загонаў. Такім чынам на ферме будуць гадавацца каля 90 цялят ад малочнага ўзросту да трох месяцаў.

Увесь год даглядала цялят на ферме Вера Крупская. Яна з 1992 года працуе ў гаспадарцы. Спачатку рабіла цялятніцай, пазней даяркай. Цяпер ужо магла б быць на заслужаным адпачынку, але ў сельгаспадарчым прадпрыемстве праблема з кадрамі, таму яе папрасілі затрымацца. В. Крупская і не супраць. Разважае, маўляў, «усё ж капейку зараблю ў дадатак да пенсіі». ■

Вольга ПАТАПОВІЧ