Свята для сапраўдных сяброў. У Браславе адгрымелі юбілейныя «Зарніцы»

Отдых
У Браславе адгрымелі 55-ыя «Зарніцы». Юбілейнае свята зноў сабрала гасцей з розных рэгіёнаў і нават краін, у чарговы раз пацвердзіла статус запатрабаванага культурнага форума, аб’яднала сотні артыстаў і тысячы гледачоў.

Нагадаем, Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» вядзе сваю гісторыю з 1967 года. За больш чым паўвекавы шлях яно вырасла з мясцовага мерапрыемства ў маштабны творчы праект, які ведаюць далёка за межамі Беларусі, стала своеасаблівай візітнай карткай рэгіёну. Сёння «Зарніцы» ўваходзяць у тройку найстарэйшых песенных праектаў нашай краіны, а на Віцебшчыне гэта ўвогуле самы багаты на ўзрост фестываль. Дарэчы, арганізатары падлічылі, што за 55 гадоў свайго існавання браслаўскі творчы фэст прыняў звыш тысячы калектываў і больш за сто тысяч гасцей з усяго свету.

Адкрываючы форум, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў яго маштабнасць, гасціннасць і добразычлівасць. «Творчая біяграфія «Браслаўскіх зарніц» – гэта шырокая панарама ўнікальных і цікавых праектаў, зараджаных вялікай маральнай сілай. Гэты фестываль не толькі робіць людзей больш багатымі духоўна, а і аб’ядноўвае іх, спрыяе ўмацаванню сувязей паміж рэгіёнамі, развіццю супрацоўніцтва і партнёрства. Жадаю ўдзельнікам праекта паспяховых выступленняў, гледачам – радасці сустрэчы з мастацтвам, а самому святу – творчага даўгалецця і новых адкрыццяў!», – сказаў галава абласнога дэпутацкага корпуса на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця. Удзельнікаў і гасцей «Зарніц» таксама віталі старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка і кансультант упраўлення культуры народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда.

Што тычыцца самога фестывалю, то сёлета на яго пляцоўках выступалі прадстаўнікі амаль усіх абласцей Беларусі, Пскоўскага і Смаленскага рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, суседняй Латвіі. Двухдзённы творчы марафон уключаў шэраг канцэртаў, шматлікія песенныя і танцавальныя конкурсы. Нікога не пакінулі абыякавым строгія харавыя асамблеі (дзіцячая і дарослая), арыгінальны «БАЯН-БатL/ Fэст», атмасферны фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава», энергічны конкурс «Паазерскія тапаткі» і, вядома ж, відовішчны гала-канцэрт. Сапраўдным падарункам для браслаўчан і гасцей горада стала выступленне легенды беларускай эстрады – ансамбля «Песняры».

Атмасферу свята перададуць фотаздымкі, размешчаныя ў гэтым нумары газеты на с. 4 і 5. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ