Да справы — творча і ініцыятыўна. Браслаўчанін звыш 27 гадоў працуе сталяром

Люди
Сталяр – гэта ў асноўным работнік будаўнічых ці рамонтна-будаўнічых арганізацый, які аказвае разнастайныя паслугі па апрацоўцы драўніны. Сярод усіх матэрыялаў, што выкарыстоўваюцца ў прамысловасці, дрэва з’яўляецца, бадай, самым простым і зручным у рабоце. Менавіта дзякуючы гэтаму фактару прафесія работніка па дрэве развівалася са спрадвечных часоў і запатрабавана па сённяшні дзень.

Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў 6-га разраду рамонтна-будаўнічага ўчастка КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» Аляксей Кавалёнак яшчэ ў савецкі час атрымаў спецыяльнасць цесляра-сталяра ў Даўгаўпілскім СПТВ-38 і ніколі нават не думаў змяніць аднойчы абраную прафесію. У тым ліку ўжо 27 гадоў займаецца любімай справай ў жыллёва-камунальным прадпрыемстве.

Цяпер на рынку тавараў шмат разнастайных сучасных будматэрыялаў з пластыку, металу, гіпсакартону, полікарбанату. Яны, магчыма, і пацяснілі вырабы з драўніны, але гэтыя змены слаба закранулі дзейнасць станочніка рамонтна-будаўнічага ўчастка. Дзяржаўнае прадпрыемства абслугоўвае ў раёне вялікі жыллёвы фонд, большасць дамоў якога пабудавана яшчэ ў 60 – 70 гады мінулага стагоддзя. Зразумела, што за гэтакі працяглы час экспуатацыі дзесьці заўжды неабходна падрамантаваць вокны ці дзверы ў падсобных памяшканнях агульнага карыстання. І, як чвэрць стагоддзя таму назад, Аляксей Кавалёнак выязджае на месца, робіць неабходныя замеры, дэмантаж, а ўжо ў сваёй сталярцы выконвае чыстую апрацоўку брусоў і дошак, затым збірае з падрыхтаванай драўніны дэталі і вырабы па запісаных памерах. Ёсць асабісты важкі ўклад сталяра-станочніка і ў добраўпарадкаванні грамадскіх месц, дваровых тэрыторый, у прыватнасці, у вырабе лавачак для адпачынку.

Па словах кіраўніцтва «Браслаўкамунальніка», Аляксей Кавалёнак валодае высокай працаздольнасцю і можа якасна справіцца з вялікім аб’ёмам работы. Прычым сталяр творча, ініцыятыўна адносіцца да сваіх прафесійных абавязкаў і ўмее самастойна рашаць праблемы, якія могуць узнікаць падчас выканання заданняў. Прадпрыемства неаднаразова заахвочвала станочніка за яго дзелавыя якасці, а сёлета напярэдадні прафесійнага свята А. Кавалёнак узнагароджаны і Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама. ■

Казімір ПЯТУШКА.