Пра што пісала «Браслаўская звязда» 55 гадоў таму назад (кастрычнік 1968-га)
УРАЧЫСТАСЦЬ У СЕЛЬСАВЕЦЕ
На тэрыторыі Зарацкага сельсавета размешчаны 4 пачатковыя і 3 васьмігадовыя школы. У іх працуюць каля трох дзясяткаў настаўнікаў, якія нясуць веды ў масы. За добрасумленнасць у выхаванні дзяцей калгаснікаў, за актыўны ўдзел у грамадскай рабоце яны карыстаюцца павагай і аўтарытэтам. І грамадскасць сельсавета вырашыла шырока адзначыць Дзень настаўніка.
ЯНЫ ЗАСЛУГОЎВАЮЦЬ ПАХВАЛЫ
Добры ўраджай бульбы вырашчаны сёлета ў 2-й брыгадзе калгаса «Камунар». Кожны гектар дае па 110 – 120 цэнтнераў клубняў, і плошча немалая – 29 га. На дапамогу вяскоўцам прыйшлі навучэнцы Відзаўскага ПТВ. Кожны дзень прыязджаюць 25 будучых механізатараў, многія выкопваюць па 600 – 700 кг у дзень.
НА ВАХЦЕ ЮБІЛЕЙНАЙ
Кіпіць праца на Відзаўскім спіртзаводзе: тут машыны выгружаюць у бурты бульбу. Ужо назапашана звыш 6 тысяч тон сыравіны пры плане 8,5 тыс. На поўнасцю электрыфікаваным летась заводзе дружны калектыў нясе працоўную вахту ў гонар 50-годдзя рэспублікі і кампартыі Беларусі, штодзень выпускаючы 420 дэкалітраў спірту.
ЗАШУМЯЦЬ КЛЁНЫ
Работнікі ДЭУ-830 прыступілі да асенняй пасадкі дрэў на абочынах. На ўчастку дарогі Браслаў – Урбаны высаджваюць маладыя клёны, ідуць работы таксама на друйскім і міёрскім напрамках. Усяго калектыў ДЭУ высадзіць восенню 2 тысячы клёнаў, 200 пладовых і многа іншых дрэў.
ШЧАСЛІВЫЯ БІЛЕТЫ
Сёлета ў рэспубліцы праведзена 6 тыражоў грашова-рэчыўнай латарэі 1968 г., усяго выдадзена каштоўных рэчаў і грашовых выйгрышаў на суму звыш 6 700 руб. У раёне ўладальнікамі самых «шчаслівых» білетаў аказаліся медработнік Вера Гайдзель з в. Опліса, якая выйграла тэлевізар «Нёман», В. Каралькоў з в. Рукша – радыёлу «Беларусь», П. Камар з в. Завер’е – пральную машыну. ■
Жанна БЕЛЬКО