Лукашэнка: «Нашы герб, сцяг і гімн, як і ўся палітыка, натхнёны ідэямі нацыянальнай годнасці»

Новости
Беларускія дзяржаўныя сімвалы натхнёны ідэямі нацыянальнай годнасці і сапраўднага народаўладдзя. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мінску на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў у Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што ў пераходныя эпохі людзі часта адмаўляюцца ад сімвалаў, якія выказвалі ідэі і каштоўнасці ранейшага сацыяльна-палітычнага ладу. «Але гэта быў не наш шлях. Мы беражліва захоўваем сувязь пакаленняў, прадаўжаем традыцыі нашых продкаў, ганарымся сваёй гісторыяй. У ёй нямала гераічных старонак. Мы ніколі не вілялі, не змянялі той лініі, якую праводзім сёння. Мы і тады, і цяпер верныя традыцыям мінулага. Асабліва ганарымся тым, што дзяржаўныя сімвалы Беларусі ўвасабляюць бяспрыкладную сілу духу і ўклад нашага народа ў Вялікую Перамогу над карычневай чумой. Таксама ў іх – працоўны подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, якія нанова адбудавалі рэспубліку на прынцыпах сацыяльнай роўнасці і справядлівасці», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сучасныя дзяржаўныя сцяг, герб і гімн таксама ўжо з’яўляюцца сімваламі спартыўных, творчых і працоўных перамог у гісторыі суверэннай Беларусі.

«Сёння сімволіка не толькі аб’ядноўвае, але і выступае крыніцай упэўненасці і ўнутранай сілы. Нашы герб, сцяг і гімн, як і ўся палітыка, натхнёны ідэямі нацыянальнай годнасці і сапраўднага народаўладдзя», – заявіў беларускі лідар. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.