У суботу, 25 мая, ва ўстановах адукацыі Браслаўшчыны прайшлі ўрачыстыя лінейкі, на якіх прагучалі апошнія званкі для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў. Пачуццямі радасці ды светлага суму было напоўнена і мерапрыемства ў Слабодкаўскай сярэдняй школе, дзе сёлета героямі дня сталі дзевяцікласнікі.
Здаецца, зусім нядаўна маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі сталі вучнямі – і вось ужо класны кіраўнік Святлана Дундзер (і адначасова былая першая настаўніца – у гісторыі школы гэта другі такі выпадак) зычыць цяперашнім выпускнікам выбраць правільны далейшы шлях і пісаць новую старонку свайго жыцця толькі шчаслівым чарнілам, без памылак і памарак.
На працягу дзевяці гадоў навучэнцы старанна вучыліся, шчыравалі ў грамадскіх справах, не цураліся яны і работы. Нездарма дырэктар школы Ірына Гапон, назваўшы адукацыю скарбам, а працу – ключом да яго, пажадала юнакам і дзяўчатам заўсёды трымаць яго ў руках і мець шчасце вучыцца, працаваць і жыць на роднай зямлі.
Шмат цёплых слоў адрасавалі школьнікам і ганаровыя госці ўрачыстасці. У прыватнасці, кіраўнік дэпутацкага корпусу раёна Ніна Пучынская ад імя райсавета і райвыканкама сардэчна павіншавала прысутных з завяршэннем чарговага навучальнага года і, звяртаючыся да дзевяцікласнікаў, сказала: «Няхай тыя веды, якія вы атрымалі ў школе, той клопат, любоў, увага, якімі адорвалі вас вашы педагогі, бацькі, абавязкова спатрэбяцца ў будучым жыцці. Мы ўсе жывём у той час, калі ў краіне так шмат робіцца для захавання міру, для таго, каб вы вучыліся і самарэалізоўваліся, а потым, атрымліваючы добрыя веды, прымнажалі дасягненні нашай любімай Браслаўшчыны, нашай малой радзімы». Урачыстую цырымонію прадоўжылі таксама старшыня Слабодкаўскага сельсавета Павел Антанёнак і начальнік аддзела аховы грамадскага парадку РАУС Расціслаў Мацук.
Па даўняй традыцыі выпускнікі закружыліся ў развітальным вальсе, а напрыканцы мерапрыемства для юнакоў і дзяўчат празвінеў апошні званок як сімвал завяршэння аднаго этапа іх жыцця і пачатку новага. ■
Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.