Наталля Шаўчук працуе ва ўпраўленні па рабоце з плацельшчыкамі па Браслаўскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Полацкім раёне толькі з сакавіка 2022 года, але і за гэты непрацяглы час яна паспела зарэкамендаваць сябе здольным спецыялістам у падатковай сістэме. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення Ганны Валушка, Н. Шаўчук уласцівы такія прафесійныя якасці, як кампетэнтнасць і высокая працаздольнасць, уменне наладжваць канструктыўныя зносіны з людзьмі рознага ўзросту і складу характару, бо пераважна яна працуе з фізічнымі асобамі.
«Адным з асноўных напрамкаў маёй работы з’яўляецца падатак на прафесійны даход, – кажа вядучы рэферэнт упраўлення. – Гэтая сістэма падаткаабкладання для фізічных асоб уведзена ў Рэспубліцы Беларусь з першага студзеня 2023 года. Функцыянуе сістэма праз мабільны дадатак, што зручна пры карыстанні. Для рэгістрацыі неабходна ўстанавіць дадатак з Google Play, App Store і зарэгістравацца плацельшчыкам ППД. У мінулым годзе яго плацельшчыкамі, – прадаўжае тлумачыць Наталля Анатольеўна, – з’яўляліся на Браслаўшчыне 439 фізічных асоб, а ў першым паўгоддзі сёлета – ужо 556. У большасці гэта катэгорыі грамадзян, якія аказваюць паслугі па кароткатэрміновай здачы ў арэнду жылля, паслугі цырульнікаў, у сферы прыгажосці, рэпетытарства, тыя, якія аказваюцца праз сетку Інтэрнэт і шмат іншых. Паступленні ад плацельшчыкаў ППД у 2023 г. склалі 103,7 тыс. руб., у першым паўгоддзі 2024 г. – 108,4 тыс. руб.».
На першы погляд чалавека, недасведчанага ў дзейнасці работнікаў падатковых органаў, можа здацца, што паўсядзённая карпатлівая работа з дакументамі, лічбамі і разлікамі з’яўляецца руціннай і нецікавай, але дастаткова і некалькіх хвілін зносін з Наталляй Шаўчук,улюбёнай у сваю справу, каб пераканацца ў адваротным. ■
Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.