Браслаўчане прынялі ўдзел у фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску – 2024»

Новости
У Віцебску яскрава і гучна адбыўся XXXIII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску – 2024». Браслаўчане сталі непасрэднымі ўдзельнікамі гэтага відовішчнага свята.

ПРЭЗЕНТАВАЛІ РАЁН

Па традыцыі на «Славянскім базары» праходзіць прэзентацыя падвор’яў усіх раёнаў, якія паказваюць свае культурныя здабыткі і сучасныя дасягненні ў розных сферах. Браслаўчане расказалі пра свой рэгіён шматбакова.

Умоўна пляцоўка была падзелена на некалькі зон, дзе прадстаўлялі традыцыйную культуру, фестываль «Браслаўскія зарніцы», аўтэнтычную кухню і вырабы нашых мясцовых вытворцаў. Вядучыя Марыя Сініца і Наталля Тоўсцік праводзілі экскурсіі, прапаноўвалі паўдзельнічаць у забавах і конкурсах. За музычнае суправаджэнне адказваў народны фальклорны калектыў «Вярба» з Дрысвят , інтэрактыў прапаноўвалі «жывыя» скульптуры і хадулісты народнага тэатра мініяцюр «Покер» Браслаўскага РЦК, прысмакамі традыцыйнай кухні частавалі культработнікі Ахрэмаўскага ЦНК, а ўласнымі сучаснымі вырабамі – прадстаўнікі цэха па вытворчасці сыру і прамысловага філіяла «Браслаўрыба». Акрамя таго, работнікі раённага аб’яднання музеяў праводзілі майстар-класы па рамёствах. Цікава, што падарункамі ў конкурсе была вэнджаная рыба па адмысловым рэцэпце з Плюсаў. Наведвальнікі ахвотна заходзілі ў госці да браслаўчан і з цікавасцю знаёміліся з нашым краем.

ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА МАЛАДЗЁЖНАЙ АКЦЫІ

Актывісты раённай арганізацыі БРСМ таксама не засталіся ў баку ад фестывалю: яны далучыліся да патрыятычнай акцыі, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Нам жыць і памятаць». Браслаўчане прынялі ўдзел у шэсці «Марш вызваліцеляў» і прайшліся па вуліцы Леніна – ад плошчы Перамогі да канцэртнай залы «Віцебск» са сцягам Рэспублікі Беларусь даўжынёй больш за 100 метраў, які неслі каля 200 чалавек. «Браслаў прадстаўлялі 11 дзяўчат і хлопцаў з розных арганізацый. Пасля шэсця мы пабывалі на іншых тэматычных пляцоўках Дня моладзі. Уражанні толькі самыя пазітыўныя!» – расказала першы сакратар райкама БРСМ Ірына Мурашка.

ВЫКАНАЛІ АЎТАРСКІЯ ПРЫПЕЎКІ

Па выніках абласнога конкурсу народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць» Валянціна Пінаева, метадыст Браслаўскага РЦК, атрымала дыплом 3 ступені! Творчае спаборніцтва па выкананні гэтых задорных твораў у Віцебску праводзілася не ўпершыню. Акампаніраваў Валянціне наш таленавіты зямляк Пётр Кухаронак, а яна выконвала прыпеўкі яго аўтарства. Такі дуэт не пакінуў нікога абыякавым!

ВЫРАБ ЗЕМЛЯКА СТАЎ ЛЕПШЫМ

На працягу двух дзён народныя ўмельцы з усёй Беларусі паказвалі сваё майстэрства падчас конкурсу майстроў народных мастацкіх рамёстваў па саломапляценні «Папараць-кветка – 2024». Загадчык музея традыцыйнай культуры Мікалай Дзянісаў прадстаўляў наш народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў «Ля возера» ў намінацыі «Мастацкаўтылітарны выраб у тэхніцы спіральнага пляцення (кузубы, кошыкі, міскі, куфры, вуллі і г. д)». Яго прафесіянальны падыход да справы журы ацаніла высока і прысудзіла браслаўчаніну дыплом 1 ступені.

У АДЗІНЫМ РЫТМЕ БАРАБАНАЎ

Больш за 30 калектываў з Віцебскай вобласці і Расійскай Федэрацыі прынялі ўдзел у фестывалі-конкурсе барабаншчыц і мажарэтак, у тым ліку і «Брава» Браслаўскай ДШМ. Кожны з іх імкнуўся вылучыцца сваім уменнем, артыстычнасцю і зладжанасцю.

Ансамбль барабаншчыц «Брава» годна прадставіў сябе і атрымаў дыплом «За развіццё і папулярызацыю мажарэтнага танца» ад упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.

У ТАНЦАВАЛЬНЫМ КАРАГОДЗЕ

У святочныя дні ў Віцебску адбыўся і XI Міжнародны турнір нацыянальных танцаў «Танчым разам». Ён сабраў больш за 120 танцораў з усёй вобласці, якім неабходна было выканаць каля 30 танцаў. Наш раён прадстаўлялі загадчык Друеўскага ДК Аляксандр Плыгаўка і Вікторыя Бабіч. Яны ўдзельнічалі ва ўзроставай групе ад 16 да 30 гадоў і прывезлі з турніру дыплом «За зберажэнне і захаванне беларускай танцавальнай спадчыны». ■

Алена НАБЕЕВА.