Працоўны поступ рэспублікі
У 1-м паўгоддзі 1984-га забяспечана далейшае развіццё народнай гаспадаркі рэспублікі, павысіліся эфектыўнасць грамадскай вытворчасці і ўзровень жыцця народа. Узраслі даходы працоўных: сярэднямесячная грашовая заработная плата рабочых і служачых дасягнула 167 руб., аплата працы калгаснікаў павялічылася на 14 %. Пабудавана 30 тыс. новых добраўпарадкаваных кватэр. Колькасць насельніцтва БССР на 1 ліпеня 1984 г. склала 9,9 млн чалавек.
Усесаюзны перапіс садова-ягадных насаджэнняў
У краіне з 15 ліпеня па 15 верасня будзе праведзены перапіс садова-ягадных насаджэнняў і вінаграднікаў. Пройдзе ён у калгасах, саўгасах і другіх дзяржаўных і кааператыўных гаспадарках, а таксама на прысядзібных участках калгаснікаў, рабочых і служачых і іншых груп насельніцтва, у калектыўных садаводчых таварыствах як у сельскай, так і ў гарадской мясцовасці. У ходзе перапісу неабходна выявіць і выправіць недакладнасці з улікам садоў у гаспадарках раёна, бо, напрыклад, у калгасе «Дружба» па паперах іх 1 га, а ў сапраўднасці – 7 га.
Сядзібы – рассаднікі пустазелля
Выканкам Далёкаўскага сельскага Савета сочыць за навядзеннем парадку на зямлі, у прыватнасці, змагаецца з пустазеллем. Тых, хто праяўляе гаспадарскія клопаты пра ўпарадкаванне сваіх сядзіб і ўчасткаў пры іх, выканкам імкнецца заахвочваць. Так, пасля падворнага абходу на 8-мі лепшых сядзібах будуць вывешаны шыльды «Дом узорнага парадку». А штрафы па 10 руб., выпісаныя 6-ці нядбайным калгаснікам, – папярэджанне тым, хто звыкся з бескультур’ем, чые ўчасткі зараслі пустазеллем.
Для нашых дзяцей
Усё лепшае – дзецям. Памяталі пра гэта і ў Браслаўскім райспажыўсаюзе, задумваючы рэканструкцыю былога ўнівермага пад магазін дзіцячых тавараў. Пасля больш як года работ тут з’явіліся казачныя вітрыны, басейн, у якім маленькія пакупнікі выпрабоўваюць надзіманыя цацкі, і церамок з марожаным і цукеркамі. На першым паверсе прадаюць цацкі, на другім – трыкатаж, абутак і адзенне. Прывабны «Дзіцячы свет» таксама і сваім калектывам, дружным ды ўважлівым.
Да стала працоўных
За азёрнай таварнай рыбацкай гаспадаркай замацавана 21,8 тыс. гектараў вадаёмаў. Лоўляй рыбы займаюцца 8 брыгад: 3 – дзяржлову і 5 – калгасных. За першае паўгоддзе план выкананы на 126,4 %. Азрыбгас праводзіць значную работу па зарыбленні азёр моладдзю вугра, судака, карпа, сазана. Калектыў займаецца таксама перапрацоўкай. Асартымент кансервавага цэха налічвае да 30 відаў вырабаў, а вянглярнага – больш за 20 разнавіднасцей вэнджанай і вяленай рыбнай прадукцыі.
Побач з дарослымі
Чацвёрты год пры Ахрэмавецкай сярэдняй школе дзейнічае лагер працы і адпачынку «Праметэй». За месяц 60 вучняў 8 – 9 класаў выканалі вялікі аб’ём работ. Сёлета іх клопатам былі даручаны 6,5 гектара буракоў у калгасе «Шлях Леніна». Школьнікі два разы прапалолі караняплоды, прарэдзілі іх. Актыўна працавалі вучні побач з дарослымі і на нарыхтоўцы сена. У час работы лагера ў поўнай меры праявілася самакіраванне і самаабслугоўванне дзяцей.
Парушаюць правілы землекарыстання
Берагчы і рацыянальна выкарыстоўваць зямлю – абавязак кожнага грамадзяніна. Але на практыцы не ўсе службовыя асобы дбаюць пра нашу карміцельку. Напрыклад, на тэрыторыі Відзаўскага спіртзавода вялікія ўчасткі заліты мазутам і саляркай, МПМК-19 ва ўстаноўлены тэрмін не вяртае карыстальнікам зямлю, а ДЭУ-142 не клапоціцца пра рэкультывацыю і нават самавольна захоплівае ўчасткі для здабычы пяску і жвіру. Трэба рашуча палепшыць кантроль за землекарыстаннем. ■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.