Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае айчынныя СМІ прапагандаваць выключна праўду і будаваць сваю работу менавіта ў такім ключы. Пра гэта ён заявіў, заслухоўваючы даклад па актуальных пытаннях інфармацыйнай палітыкі.
«Я заклікаю вас грунтавацца на праўдзе. І прапагандаваць будзем толькі нашу беларускую праўду», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«У нас хапае тэм, выгадных для нас. Але яны вельмі выгадныя для нас – паказаць іх (трэба. – Заўвага БелТА), як яны ёсць», – заявіў беларускі лідар.
«Мы ў дзіўным становішчы апынуліся ў гэтым плане. Нам не трэба ні хлусіць, нічога прыдумляць. А іншыя краіны гэтага не могуць. Ім трэба сапраўды там… нешта падаць у выгадным ключы, мякка скажам. Нам гэта не трэба. Нам трэба паказваць, як яно ёсць», – арыентуе кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу міграцыйную палітыку. У гэтым пытанні і сам кіраўнік дзяржавы, і беларускія СМІ нічога не ўтойваюць і паказваюць сітуацыю так, як яна ёсць. «Так, прапагандысты будуць прапагандаваць нашу міграцыйную палітыку ў тым плане, што мы былі для Еўропы адкрытыя (па супрацоўніцтве. – Заўвага БелТА) ў плане міграцыі і праз нашу граніцу мыш не магла прапаўзці непрыкметна. Нас папракаюць у тым, што мы адышлі ад той палітыкі, ну дык мы даўно пра гэта сказалі», – звярнуў увагу ён.
Прэзідэнт нагадаў, што раней з Еўрасаюзам па гэтай тэме было супрацоўніцтва, фінансаваліся цэнтры на тэрыторыі Беларусі для часовага ўтрымання мігрантаў, было заключана пагадненне пра рэадмісію. Але на Захадзе змянілі сваю палітыку і пачалі душыць краіну эканамічна, палітычна і інфармацыйна. «Вы гэта ведаеце лепш за мяне. Чаму мы павінны іх абараняць у плане міграцыйнай палітыкі. Гэта ж была іх абарона. Яны да сябе цягнулі гэтых людзей, а нам цішком гаварылі: “Давайце вы рабіце так, мы вам на гэта і грошы яшчэ дадзім”. Адышлі ад гэтага. Мы сумленна і адкрыта сказалі: “Мы не будзем таксама праводзіць тую палітыку, якую праводзілі”», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.