Мастакі Браслаўшчыны запрашаюць на традыцыйную выстаўку жывапісу «Браслаўская палітра»

Отдых
У мінулую пятніцу ў музеі традыцыйнай культуры адбылося адкрыццё экспазіцыі работ нашых мясцовых творцаў. Свае карціны прадставілі Юлія Шылай, Мікалай Стас, Аліна Трукан, Марына Фёдарава, Чэслаў Жусель, Віялета Вялічка.

На палотнах мясцовых мастакоў разгарнуліся вобразы Браслаўшчыны. Разглядаючы карціны, быццам акунаешся ў прахалоду мясцовых азёр, любуешся знаёмымі пейзажамі, вяртаешся ў мінулае нашага краю.

Прысутныя на выставе мелі магчымасць пагутарыць з аўтарамі работ, задаць ім пытанні і выказаць уражанні ад пейзажаў. Акрамя таго, мастакі і самі з задавальненнем дзяліліся гісторыямі стварэння карцін. Напрыклад, АлінаТрукан расказала, як на пленэры збіралася намаляваць Дзвіну, але раптам аднекуль у сонечнае надвор’е ўзнікла і амаль гадзіну «пазіравала» вясёлка. Наш славуты майстар інсітнага мастацтва Чэслаў Жусель узгадаў, што тварыць яму дапамагаюць дзіцячыя ўспаміны. Знакаміты мастак і дызайнер Мікалай Стас таксама падзяліўся, што яго натхняе на яркія карціны.

Выстаўка будзе працаваць да 5 лістапада. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.