ВЫДАТНАЯ ПАДЗЕЯ
Калгаснікі сельгасарцелі «Праўда» з вялікай увагай сачылі за палётам новага касмічнага карабля «Усход». Гэтая выдатная падзея ўсхвалявала іх да глыбіні душы. Тры чалавекі ў космасе, прычым у адным караблі! Хлебаробы абяцаюць не шкадаваць сіл і энергіі, каб дабіцца новых поспехаў у калгасе. І на новы найвялікшы подзвіг у асваенні космасу адказаць стараннай і толькі ўдарнай працай.
НА ЛАТАРЭЙНЫЯ БІЛЕТЫ
Трэцяга кастрычніка адбыўся тыраж восьмага выпуску грашова-рэчавай латарэі. Ашчаднымі касамі раёна аплочана 159 выйгрышаў. Уладальнік білета № 39419 Франц Судніцкі выйграў халадзільнік «Саратаў-2» коштам 150 рублёў, Станіслаў Нарушэвіч з вёскі Быстрамаўцы – 60 руб., Даніла Шадурскі з Браслава – 40 руб.
ЯКАЯ ЦЯПЕР ПЕРАШКОДА?
Рабочыя гароднінасушыльнага завода звярнуліся з просьбай у аўтабазу, каб з горада да прадпрыемства хадзіў аўтобус. Ім пайшлі насустрач. Аднак толькі адзін дзень працаўнікі змаглі даехаць да завода і вымушаны зноў хадзіць пешшу. Вадзіцелі спачатку спасылаліся на дрэнную дарогу. Прайшоў грэйдар, але нічога не змянілася: аўтобус даходзіць да ветлячэбніцы, стаіць там 5 мінут і накіроўваецца ў горад. Што цяпер перашкаджае даязджаць да пункта прызначэння?
З НОВЫМІ СІЛАМІ
У канцылярыі праўлення калгаса «Камінтэрн» каля сямі вечара сабраліся слухачы гуртка па вывучэнні гісторыі КПСС і чагосьці ўсхвалявана чакалі. Раптам у пакоі ўспыхнула электрасвятло. Першыя заняткі ў сетцы палітычнай асветы супалі з радаснай падзеяй: у трох населеных пунктах гаспадаркі загарэліся лямпачкі Ільіча. Палітвучобай тут ахоплены 51 чалавек. З вялікім уздымам камуністы, камсамольцы і беспартыйныя ўзяліся авалодваць марксісцка-ленінскай навукай.
СПРАВА ВЯЛІКАЙ ВАЖНАСЦІ
Сёлета калгасы і саўгасы заключылі з дырэкцыяй кінасеткі дагаворы на правядзенне 490 сеансаў навукова-папулярных фільмаў, прысвечаных земляробству, жывёлагадоўлі, правільнаму выкарыстанню мінеральных угнаенняў. Вялікую цікавасць у сельскіх працаўнікоў выклікалі карціны «Работа на трактары на павышаных хуткасцях», «Маяк буракаводаў», «Вырошчванне кукурузы ў БССР» і інш. Аднак кіраўнікі асобных гаспадарак недаацэньваюць гэтыя фільмы, не прапагандуюць перадавы вопыт. Ці не таму іх сельгасарцелі знаходзяцца ў ліку адстаючых?
ПА ПАСКОРАНАЙ ПРАГРАМЕ
Сёлета пры некаторых сярэдніх школах раёна ўпершыню арганізаваны заняткі па паскоранай праграме з кіруючымі работнікамі калгасаў і саўгасаў. Тэрмін навучання – два гады. Той, хто паспяхова засвоіць праграмны матэрыял, атрымае дакумент аб васьмігадовай адукацыі. Такая ж школа працуе і ў Казянах, 15 кастрычніка ў ёй адбыліся першыя заняткі. З трох навакольных гаспадарак прыйшлі сюды хлебаробы павышаць свой агульнаадукацыйны ўзровень.
КОЛЬКІ МОЖНА ФАРБАВАЦЬ?
Яшчэ ў ліпені ў вёсцы Дубраўка знялі паштовую скрынку і адвезлі ў Браслаў для афарбоўкі. І сёння яна там ляжыць. Напішуць вяскоўцы пісьмо ці паштоўку і не ведаюць, як адправіць. Іншага выхаду няма, як ісці да паштальёна. А калі на дзвярах замок, тады даводзіцца шукаць у акне ці дзвярах шчыліну, каб укінуць пісьмо. Цяпер, у перадсвяточныя дні, хочацца павіншаваць блізкіх, знаёмых, а адправіць паштоўкі – праблема. Колькі яшчэ чакаць скрынку з афарбоўкі? ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.