Цікавым і захапляльным мерапрыемствам для хлопчыкаў і дзяўчынак з розных рэгіёнаў Беларусі стаў рэспубліканскі фестываль школьных футбольных клубаў, што прайшоў у Мінску. Сярод яго ўдзельнікаў была і каманда пяцікласнікаў СШ № 1 імя А. М. Жданава.
«У мінулым годзе нашы дзеці далучыліся да рэспубліканскага спартыўна-масавага сацыяльнага праекта, які рэалізуе асацыяцыя “Беларуская фэдэрацыя футбола” сумесна з Міністэрствам адукацыі. Ініцыятыва накіравана на папулярызацыю, распаўсюджанне і развіццё гэтага вядомага віду спорту як аматарскага, – расказала дырэктар школы Людміла Стальмачонак. – З навучэнцамі пачатковых класаў займаецца кваліфікаваны спецыяліст: настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віталій Вінэль прайшоў падрыхтоўку на курсах і атрымаў адпаведны сертыфікат трэнера-лідара масавага футбола».
Праект «Мой школьны футбольны клуб» ахоплівае шмат відаў спаборніцтваў з мячом і мае на ўвазе далучэнне літаральна ўсёй школы. Таму ў рэспубліканскім фестывалі атрымалі права паўдзельнічаць і пяцікласнікі. Арганізатары ж мерапрыемства паклапаціліся, каб яно стала сапраўдным спартыўным святам для дзяцей: акрамя ўрачыстай часткі, юным спартсменам прапанавалі футбольныя актыўнасці. Прасторны крыты манеж змясціў адразу некалькі дзясяткаў школьных каманд. На полі, падзеленым на 8 пляцовак, хлопчыкі і дзяўчынкі адначасова праводзілі кароткія гульні – па 10 мінут – па правілах аматарскага футбола.
Ва ўрачыстай абстаноўцы браслаўчане атрымалі пасведчанне аб стварэнні ў СШ № 1 імя А. М. Жданава школьнага футбольнага клуба – гэта пацвярджэнне адпаведнасці створаных для навучэнцаў умоў усім патрабаванням і крытэрыям АБФФ. Таксама ад асацыяцыі ўстанове адукацыі перададзена футбольная форма, а юныя спартсмены ўзнагароджаны памятнымі падарункамі.
«Выдатнае мерапрыемства, дзецям вельмі спадабалася, – падвёў вынікі В. Вінэль. – Навучэнцы і пагулялі, і прызы атрымалі, і з іншымі ўдзельнікамі пазнаёміліся. Гэты фестываль умацаваў інтарэс нашых выхаванцаў да футбола». ■
Жанна БЯЛЬКО.