Так лічыць бухгалтар і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі вытворчага філіяла «Браслаўрыба» Алена Нізюлька.
Энергічная і добразычлівая Алена ўпершыню была выбрана на грамадскую пасаду тры гады таму назад – акурат у свой дзень нараджэння. «Вось такі падарунак зрабілі мне калегі», – усміхаецца яна. Аднак не проста ж так ёй даверылі гэтую адказную і турботную пасаду. А. Нізюлька працуе на прадпрыемстве з 2011 года і зарэкамендавала сябе не толькі як граматны спецыяліст, але і як чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Калектыў убачыў у ёй лідара, які зможа і адстаяць інтарэсы працаўніка, і арганізаваць мерапрыемства, і дапамагчы парадай. «Брацца ўпершыню за новую справу складана, але раз узяўся – даводзь яе да канца. Напачатку нават заседжвалася дацямна, пакуль разабралася з усімі дакументамі. У пярвічцы на ўліку знаходзіцца 150 чалавек. У нас ёсць свой актыў, штогод распрацоўваецца план дзеяння. Мы імкнёмся да таго, каб кожнаму было камфортна на працоўным месцы», – расказвае А. Нізюлька.
Калектыў «Браслаўрыбы» ў гэтым годзе заняў 3-е месца ў раённым конкурсе сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый. Пярвічка стала трэцяй у вобласці па арганізацыі аховы працы. Каманда філіяла – пастаянная ўдзельніца турыстычнага злёту, дзе займае прызавыя месцы. Прадстаўнікі вытворчасці задзейнічаны ў раённых мерапрыемствах і творча падыходзяць да сваёй прэзентацыі, бо на іх пляцоўцы заўжды шмат наведвальнікаў. Акрамя гэтага, зборная «Браслаўрыбы» неаднаразова прадстаўляла наш рэгіён на абласным этапе спаборніцтваў санітарных дружын. Спрабуюць яны свае сілы і ў інтэлектуальным турніры «Што? Дзе? Калі?». У гэтых напрамках праяўляецца цеснае ўзаемасупрацоўніцтва прафсаюза і наймальніка ў асобе дырэктара прадпрыемства Георгія Цяцеры. «Прафкам вельмі ўдзячны кіраўніцтву за падтрымку ў рэалізацыі многіх нашых ініцыятыў, дапамогу ў вырашэнні цяжкіх жыццёвых сітуацый. Неаднаразова наш дырэктар мудра і тактычна падказваў, што зрабіць у тым ці іншым выпадку», – падкрэслівае Алена.
У пярвічкі ёсць свае добрыя традыцыі, напрыклад, віншаванні да Дня маці і Новага года, наведванне Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», турыстычныя паездкі. Вядома ж, грамадская нагрузка займае шмат часу, але А. Нізюлька ўмее планаваць і выкананне службовых абавязкаў, і прафсаюзных. ■
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.