Інфармацыйны суверэнітэт – важнейшая тэма з пункту гледжання забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы ў фармаце «Адкрыты мікрафон з Прэзідэнтам» са студэнтамі ВНУ гуманітарнага профілю.
Сустрэча кіраўніка дзяржавы са студэнтамі ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце – трэцяя па ліку. МДЛУ – другая ВНУ пасля Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якую Аляксандр Лукашэнка наведвае ўпершыню.
«Але я паспеў сёе-тое тут убачыць, пагутарыць з рэктарам, міністрам адукацыі. Як і меркаваў, у гэтым універсітэце і нашай зале ў тым ліку пануе асаблівая атмасфера – атмасфера міжкультурнага дыялогу. Так і павінна быць ва ўніверсітэце, дзе навучаецца вялікая колькасць іншаземцаў. Мы гэтым ганарымся», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што светам правіць інфармацыя. «Шмат апошнім часам мы гаворым пра тое, каб, дай бог, не пачалася трэцяя сусветная вайна, што мы проста напярэдадні гэтай страшнай падзеі. Але, дзякуй богу, неяк чалавецтва тармозіць і не акунулася ў гэту трэцюю сусветную вайну. Але тое, што ідзе інфармацыйная вайна, і прытым даўно, і не проста процістаянне, а сапраўдная інфармацыйная вайна, гэта дакладна», – канстатаваў Прэзідэнт.
Другая тэма – геапалітыка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адкрыты для абмеркавання глабальнага парадку дня навін і хоча ведаць, наколькі паглыблены ў яго студэнты. «Мне важна разумець, як вы бачыце будучыню Беларусі ў зменлівым свеце. Гэта ж ваша будучыня, якую вы і будзеце будаваць заўтра. І вашы дзеці, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – І трэцяе. Я прапанаваў бы вам не саромецца выказваць свае ідэі. Калі вы, абапіраючыся на веды, асабісты вопыт, бачыце, як можна ўдасканальваць перш за ўсё адукацыйны працэс, нейкія падыходы ў рабоце з вамі, моладдзю, – агучвайце прапановы. Абмяркуем. Ваша меркаванне вельмі важнае для мяне». ■
Паводле матэрыялаў БелТА.