«Лямпачка Ільіча ў Тракішскай школе». Пра што пісала «Браслаўская звязда» 60 гадоў таму назад

Новости

У Савеце Міністраў СССР

Савет Міністраў Саюза ССР устанавіў як выключэнне, што ў 1965 годзе субота, 2 студзеня, будзе дадатковым выхадным днём, і такім чынам працоўныя сёлета будуць мець тры дні адпачынку запар – 1, 2 і 3 студзеня. У сувязі з гэтым устаноўлена, што ў перадсвяточны дзень 31 снежня 1964 г. работа праводзіцца на працягу поўнага рабочага дня (без скарачэння).

Па гадах – старэем, па справах – маладзеем

Ідучы выпрацаваным партыяй курсам інтэнсіфікацыі вытворчасці, працаўнікі калгаса «Камінтэрн» дабіліся выдатных вынікаў. Пра гэта яскрава сведчаць лічбы: ураджай склаў 12 ц/га, на 100 га ўгоддзяў атрымалі звыш 220 ц малака (+30 ц), на рахунак у дзяржбанку паступіла 200 тыс. рублёў. Палепшыўся і дабрабыт калгаснікаў: на працадзень яны атрымалі авансам па 60 капеек і 1 кг збожжа. У пераднавагоднюю ноч у дамах нашых працаўнікоў, асветленых лямпачкамі Ільіча, раздаваліся тосты за родную партыю, урад, за шчаслівае і заможнае жыццё.

Стартавы

Год-два назад у раёне нават і не гаварылі пра камсамольскія вяселлі, урачысты запіс нованароджаных, 1964-ы ж быў часам усталявання народных традыцый, рытуалаў. Толькі ў горадзе па-новаму рэгістравалі шлюб 15 пар: духавы аркестр, шампанскае, цёплыя віншаванні родных і таварышаў. А камсамольскія вяселлі ў Казянскім, Слабодкаўскім, Друйскім, Плюскім і іншых сельсаветах! Ва ўрачыстай абстаноўцы летась зарэгістраваны 92 нованароджаныя (усяго нарадзілася 969).

А добрая гэта наша, савецкая ўлада!

«Мінулы год быў для мяне юбілейным: я адсвяткаваў 70-годдзе, – піша ў рэдакцыю калгаснік сельгасарцелі «Шлях Леніна» С. Пяткун. – І старасці не адчуваю. Летам быў конюхам, хадзіў на палявыя работы, выпрацаваў 596 працадзён. Не люблю сядзець без справы, хочацца ўносіць асабісты ўклад у будаўніцтва камунізму. Наша партыя, урад праяўляюць бацькоўскія клопаты пра чалавека. З гэтага года састарэлыя хлебаробы будуць атрымліваць дзяржаўную пенсію. Забяспечаная старасць, поўны дастатак – вось яна, савецкая рэчаіснасць».

Набываюць веды і навыкі працы

У Опсаўскай школе-інтэрнаце працуюць 23 настаўнікі. Яны выхоўваюць 358 хлопчыкаў і дзяўчынак. Многія выкладчыкі дабіліся 100-працэнтнай паспяховасці: да іх ліку адносяцца тав. Савіцкая, Сафонава, Жаркоўскі. Вучні атрымліваюць не толькі трывалыя веды, але і працоўныя навыкі. У школе-інтэрнаце добрая майстэрня, адведзена 60 гектараў зямлі, ёсць жывёла.

Новая акруга

За два гады, якія прайшлі з дня папярэдніх выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных, вялікія змены адбыліся ў старажытным Браславе. Яго межы пашырыліся за кошт новых вуліц, у цэнтры ўзвышаюцца дабротныя будынкі ўнівермага, КБА, магазіна «Кулінарыя» і іншых гандлёвых кропак. Павялічылася і колькасць жыхароў горада, спецыялістаў і рабочых. Таму цяпер у Браславе ўтворана новая выбарчая акруга – Кіраўская, якой не было ў час папярэдніх выбараў.

Загарэліся лямпачкі Ільіча

У пачатку гэтага года ў вучняў Тракішскай васьмігадовай школы, што ў Відзаўскім сельсавеце, была вялікая радасць: у класных пакоях успыхнулі лямпачкі Ільіча. Дзеці ад усёй душы ўдзячны за гэта старэйшым таварышам – дырэктару школы тав. Прыстаўку і старшыні мясцовага калгаса «Свабода» тав. Буевічу.

Традыцыйнае свята зімы

У нашым раёне 28 лютага пройдзе свята зімы – «Снежны фестываль». Яго варта праводзіць у месцах, дзе заўсёды адбываюцца масавыя гулянні, урачыстасці. Важна, каб у падрыхтоўцы і правядзенні свята прынялі ўдзел усе працоўныя, былі ўпрыгожаны пасёлкі, грамадскія пабудовы. На «Снежным фестывалі» галоўная ўвага – чалавеку працы, плануюцца масавыя гульні, карагоды, спартыўныя спаборніцтвы. Летась на свяце зімы выступалі 697 самадзейных артыстаў, 79 чалавек увасаблялі Дзеда Мароза, Снягурачку, Зіму. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.