Прыемная навіна прыйшла на мінулым тыдні з Віцебска. Абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК падвяла вынікі рэгіянальнага спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 4 квартале 2024 года. І браслаўчане зноў у лідарах!
Так, другое месца ў абласной «турнірнай табліцы» сярод калектываў малочнатаварных ферм заняў калектыў МТФ «Якавічы» СВК «Маяк Браслаўскі» (загадчык Валянціна Крывель). Паводле даных райкама прафсаюза работнікаў АПК, валавая вытворчасць малака за 4 квартал мінулага года з нарастаючым вынікам тут перавысіла 1 272 тоны пры 144 галовах дойнага статка. Прырост да адпаведнага папярэдняга перыяду склаў 109 %. Таварнасць малака – 97 %, пры тым усё яно здадзена сортам «экстра».
Сярод персанальных перамог нельга не адзначыць поспех аператара па вырошчванні і адкорме свіней той жа гаспадаркі Таццяны Жукоўскай. Ва ўзгаданым перыядзе яна забяспечыла сярэднясутачныя прывагі на ўзроўні 1 219 грамаў для замацаванай групы ў 338 галоў. Гэтыя лічбы дазволілі ёй заняць увогуле першае месца ў вобласці.
Узнагародзілі пераможцаў старшыні абласной і раённай прафарганізацый работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава і Вольга Патаповіч адпаведна. Віноўнікаў урачыстасці адзначылі дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Варта падкрэсліць, што поспехі браслаўчан набываюць асаблівую важкасць на фоне канкурэнтаў. Справа ў тым, што ў выніковых спісах наймацнейшых па галіне амаль усе пазіцыі размеркавалі паміж сабой аграпрамысловыя гіганты накшталт Віцебскай птушкафабрыкі, СГП «Мазалавагаз» з Віцебскага раёна ці агракамбіната «Юбілейны» з Аршанскага. З невялічкіх рэгіёнаў у лік пераможцаў прабіліся толькі маякоўцы і іх калегі з Гарадокшчыны і Дубровеншчыны. ■
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота райкама прафсаюза работнікаў АПК.