У практыцы органаў правасуддзя рашэнне такіх пытанняў, як вызначэнне прычын смерці і характару цялесных пашкоджанняў, устанаўленне механізму траўмы і траўмуючага прыстасавання, безумоўна, выклікае складанасці. Таму, як правіла, іх высвятленне не абыходзіцца без удзелу судова-медыцынскіх, а ў складаных выпадках і іншых судовых экспертаў.
Па словах начальніка Браслаўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Віталія Даргеля, да катэгорыі складаных адносяцца экспертызы па справах аб дарожна-транспартных здарэннях, бо неабходна ўстанавіць ступень цяжару цялесных пашкоджанняў ва ўдзельнікаў ДТЗ, прычыны смерці пацярпелага, даць ацэнку дзеянням вадзіцеляў і пешаходаў на адпаведнасць правілам дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў.
– За мінулы год у судова-медыцынскіх падраздзяленнях Віцебскай вобласці даследавана 26 цел грамадзян, якія загінулі пры ДТЗ, – кажа падпалкоўнік юстыцыі. – На вялікі жаль, сярод іх трагічна было спынена і жыццё аднаго дзіцяці. І траўмы атрымалі аж 417 чалавек, з іх 19 не дасягнулі паўналецця. Прывяду толькі некалькі сумных прыкладаў, якія часцей за ўсё па прычыне людскога фактару адбываюцца паўсюдна. Так, у сакавіку мінулага года ў Полацку непаўналетні не справіўся з кіраваннем электрасамаката і атрымаў цяжкія пашкоджанні. У маі ў Чашніцкім раёне ў выніку бакавога заносу з салона аўтамабіля выпаў не прышпілены рэменем бяспекі падлетак. Вынік – аналагічны. У лістападзе ў Віцебскім раёне вадзіцель дазволіў сабе сесці за руль аўтамабіля пасля таго, як прыняў спіртныя напіткі, ды яшчэ ўзяў з сабой пяць непаўналетніх. У выніку «п’янага кіравання» адбылося ДТЗ, у якім адно дзіця загінула, а астатнія атрымалі траўмы.
Нягледзячы на ўсе папераджальныя меры, што прымаюцца ў рэспубліцы, цалкам пазбегнуць дарожна-транспартных здарэнняў, на жаль, не атрымліваецца, а вось мінімізаваць цяжар іх наступстваў магчыма. На погляд судовага эксперта Віталія Даргеля, дзеля гэтага трэба заўжды прытрымлівацца простых правілаў:
- быць прадбачлівым на дарозе;
- не грэбаваць рэменем бяспекі;
- захоўваць скарасны рэжым і дыстанцыю;
- не карыстацца ў час руху мабільным тэлефонам;
- не садзіцца за руль у стане стомленасці, алкагольнага ці наркатычнага ап’янення;
- выбіраць рэжым руху ў адпаведнасці з умовамі надвор’я і дарогі;
- рэгулярна сачыць за тэхнічным станам транспартнага сродку.
Казімір ПЯТУШКА.