Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў кадравыя рашэнні па фарміраванні эканамічнага блока ўрада.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, цяперашні склад можна назваць «новым старым», паколькі многія з яго былі назначаны і працавалі да выбараў, каб выбаршчыкі загадзя разумелі, з кім Прэзідэнт будзе працаваць.
«Яшчэ раз хачу абазначыць асаблівасць работы будучага ўрада, на якой буду настойваць. Гэта асаблівасць у тым, што значна большую вагу будуць мець намеснікі прэм’ер-міністра. Старшыня ўрада ў нас – старшыня, ён арганізоўвае работу ўрада, вядзе пасяджэнні ўрада, але ні ў якім разе не прымае якіх-небудзь асабістых рашэнняў і не стаіць над членамі ўрада, перш за ўсё над віцэ-прэм’ерамі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аднак адметнасцю работы ўрада ў новым складзе стане істотнае ўзмацненне ролі віцэ-прэм’ераў.
Па рашэнні Прэзідэнта эканамічны блок урада ўзначаліў Мікалай Снапкоў. Ён назначаны першым намеснікам прэм’ер-міністра. Кіраўнік дзяржавы таксама назначыў Артура Карповіча міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Дзмітрыя Кійко – міністрам па падатках і зборах, Юрыя Селіверстава – міністрам фінансаў, Юрыя Чабатара – міністрам эканомікі, Кірыла Залескага – міністрам сувязі і інфарматызацыі, Дзмітрыя Матусевіча – старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. «Гэта блок, якім будзе займацца Мікалай Генадзьевіч Снапкоў, – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. – У яго і так нямала паўнамоцтваў было, ёсць, але гэта з-за яго асабістых якасцей, ён умеў абараніць свае напрамкі работы, паўнамоцтвы. Але я хачу, каб гэта пачулі ўсе, і перш за ўсё – тыя, хто тут сядзяць». ■
Паводле матэрыялаў БелТА.