У мінулы чацвер адна з інфармацыйна-прапагандысцкіх груп Браслаўскага райвыканкама на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Нінай Пучынскай выязджала ў Відзы. На парадку дня былі 2 найбольш актуальныя пытанні: выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў і вынікі сацяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2013 год.
Старшыня райсавета акрэсліла прысутным структуру мясцовай заканадаўчай улады, бягучы стан спраў у выбарчай кампаніі, пазнаёміла з тонкасцямі нарматыўна-прававой базы ў гэтай сферы. Н. Пучынская зазначыла, што актыўнасць па вылучэнні кандыдатаў на Браслаўшчыне даволі высокая. У той жа час выбары – важная палітычная падзея, і ўсе мы павінны быць зацікаўлены, каб па іх выніках былі сфарміраваны дзейсныя Саветы дэпутатаў. “Трэба імкнуцца, каб у іх трапілі і людзі з вопытам дэпутацкай работы, і тыя, хто б прыўнёс новую хвалю і новыя ідэі. Дэпутатамі павінны стаць людзі, якія карыстаюцца даверам і аўтарытэтам нашых грамадзян, бачаць праблемы насельніцтва і ведаюць, як іх вырашаць”, — сказала Н. Пучынская.
Падтрымалі размову ў рамках дня інфармавання насельніцтва намеснік начальніка Браслаўскага РАНС Уладзімір Апячонак, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Мацук, намеснік галоўнага ўрача Браслаўскай ЦРБ Вікторыя Рысева.
Працягнулася пасяджэнне ў выглядзе сходу працоўнага калектыву УА “Відзаўскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж”. Яго мэтай было вылучэнне кандыдата ў дэпутаты Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання. Намеснік дырэктара ДПТК Ніна Лапкоўская прапанавала вылучыць кандыдатам дырэктара ўстановы Міхаіла Смірнова. “Каледж пастаянна рухаецца наперад, абнаўляецца яго матэрыяльна-тэхнічная база, рамантуюцца вучэбныя і жылыя памяшканні. Створаны выдатныя ўмовы для навучання дзяцей. Мы развіваемся, пра нас ведаюць і ў вобласці, і ў рэспубліцы, і за мяжой. Галоўная заслуга ў гэтым належыць менавіта Міхаілу Уладзіміравічу. Ён справядлівы і неабыякавы як чалавек, і як кіраўнік. Таму лічу, што ён – годная кандыдатура.” – сказала Н. Лапкоўская. Яе прапанову падтрымалі інжынерна-педагагічны калектыў і прафкам каледжа.
У сваю чаргу старшыня райсавета Ніна Пучынская зазначыла, што Міхаіл Смірноў з’яўляецца дэпутатам ужо двух скліканняў (25-га і 26-га) і выдатна зарэкамендаваў сябе падчас такой работы. Дзейсны кіраўнік і актыўны дэпутат, ён вельмі многа робіць на карысць раёна ў плане падрыхтоўкі прафесіянальных кадраў, міжнароднага супрацоўніцтва і прыцягнення інвестыцый. “Вельмі важна вылучыць такога чалавека кандыдатам у дэпутаты ўжо трэцяга склікання запар. Таму я цалкам раздзяляю меркаванне працоўнага калектыву і падтрымліваю кандыдатуру Міхаіла Уладзіміравіча”, — рэзюмавала Н. Пучынская.
У выніку галасавання станоўчае рашэнне было прынята аднагалосна – кандыдатам у дэпутаты Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання па Відзаўскай выбарчай акрузе №33 ад працоўнага калектыву ДПТК вылучаны Міхаіл Смірноў.
Сам ён падзякаваў людзям за давер і завастрыў іх увагу на тым, што дэпутацкая работа – не льгота, а напружаная і паўсядзённая праца.
Дарэчы, гэта быў першы ў раёне сход працоўнага калектыву па вылучэнні кандыдата ў рамках бягучай выбарчай кампаніі. І Міхаіл Смірноў стаў першым кандыдатам у дэпутаты райсавета.
Вячаслаў Каладынскі.